Як нас знайсці
У амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі ўручаныя дыпломы выпускнікaм Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта
14 верасня 2020 г. у амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь былі ўручаныя дыпломы бакалаўраў і магістраў 44 абсальвентам, якія скончылі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (усяго 2020 г. скончыла 120 выпускнікаў).
Праз абмежаванні, выкліканыя пандэміяй Covid-19, ЕГУ быў вымушаны адмяніць традыцыйнае свята ўручэння дыпломаў у Вільнюсе, аднак нягледзячы на сітуацыю, якая склалася, упершыню пасля 16-гадовага перапынку дыпломы выпускнікам былі ўручаныя ў Мінску.
Амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас, віншуючы прысутных, адзначыў: „Самае важнае, што мы цяпер перажываем – гэта цудоўнае пачуццё нашага агульнага і нялёгкага шляху да свабоды. Вы – будучыня Беларусі. Жадаю адчуць адказнасць за свой народ і ўсю краіну”.
Выпускнікаў павіншаваў і кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Дзірк Шубель. „Няхай ваша настойлівасць і адданасць і далей служыць мэтам стваральнікаў ЕГУ. Няхай жыве еўрапейкая і трансатлантычная салідарнасць”, – падкрэсліў Д. Шубель. У сваёй прывітальнай прамове кіраўнік дэлегацыі ЕС у Беларусі адзначыў асаблівую ролю Літвы ў гісторыі ЕГУ.
Прафесар ЕГУ Аляксандр Калбаска пажадаў абсальвентам ніколі не саромецца сваёй краіны. „Толькі разам мы зможам стварыць тое, што ў будучыні не будзе патрабаваць тлумачэнняў, а мы будзем упэўненыя, што Беларусь жывая. Яна жыве і будзе жыць!” – зазначыў прафесар.
Незалежны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1992 г. у Мінску, аднак пазней быў зачынены беларускімі ўладамі. У 2004 г. ЕГУ прыняў запрашэнне Ўрада Літвы і пераехаў у Вільнюс. ЕГУ у Вільнюсе скончылі 2577 абсальвентаў (95 прац. склалі беларусы).
Foto: Konstantin Gridnev