2021 год у Літве абвешчаны годам гісторыі і культуры літоўскіх татараў
10 кастрычніка 2019 г. Сейм Літоўскай Рэспублікі прыняў пастанову № XIII 2471 „Аб абвяшчэнні 2021 года годам гісторыі і культуры літоўскіх татараў". Пастанова прынятая, каб адзначыць, што: 1. У 2021 г. спаўняецца 700 гадоў з таго часу, калі вялікі князь Гедымін запрасіў як саюзнікаў (альбо наняў) татарскіх ваяроў на дапамогу ў барацьбе супраць крыжакоў; 2. татары пакінулі след у гісторыі Літвы, удзельнічалі ва ўсіх войнах і паўстаннях, змагаючыся за свабоду і незалежнасць Літвы; 3. супольніцтва літоўскіх татараў у значнай меры далучылася да аднаўлення дзяржаўнасці Літвы, да яе гісторыі і культуры, гэта супольніцтва звязала сваё жыццё з Літвой і з'яўляецца часткай яе гісторыі; і каб заахвоціць літоўскае грамадства цікавіцца мінулым дзяржавы, яе гісторыяй і культурай.
ПРА ЛІТОЎСКІХ ТАТАРАЎ
Татары ў Літве – гэта ўнікальная этнічная група, якая жыве ў Літоўскай Рэспубліцы і лічыцца адной з найстарэйшых этнічных меншасцяў. Татары ў Літве – гэта нашчадкі цюркскіх і мангольскіх плямёнаў. Іх продкі былі эмігрантамі з Залатой Арды і Крымскага ханства. Цяпер татары не маюць сваёй дзяржавы, аднак змаглі захаваць сваю этнічную культуру, нацыянальную і рэлігійную тоеснасць. Большасць літоўскіх татараў – мусульмане-суніты. Іх духоўны цэнтр-муфціят быў адноўлены ў 1998 г., пасля распаду Савецкага Саюза. Сёння мячэці літоўскіх татараў дзейнічаюць у Нямежысе, вёсцы Сорак Татараў, Райжай і Каўнасе. Да Другой сусветнай вайны ў Літве было шэсць мячэцяў і тры з іх былі знішчаныя.
У XIV стагоддзі Вялікае Княства Літоўскае займала вялікую тэрыторыю, а мяжа на ўсходзе была недалёка ад земляў татараў. Паміж двума нацыямі адбываліся актыўныя зносіны. Першыя татары прыйшлі ў Вялікае Княства Літоўскае як саюзнікі ў войнах з крыжакамі ў 1319–1320 гг. Пазней вялікі князь Вітаўт запрасіў у Літву некалькі татарскіх сем'яў. Яны былі размешчаныя ў Тракаі, Вільні і недалёка ад Алітуса. Мяркуецца, што некалькі соцень татарскіх ваяроў з сем'ямі і маёмасцю ў канцы XIV стагоддзя прыбылі ў Вялікае Княства Літоўскае. Сярод прыбылых было нямала радавітых татараў.
Літоўскія татары добра вядомыя сваімі вайсковымі падраздзяленнямі. Спачатку яны называліся Сцягамі, пасля – Палкамі перадавой варты, якія лічацца першым памежным войскам у Літве. Цягам стагоддзяў асноўнай дзейнасцю татараў была ваенная і дыпламатычная служба.
Татары сфармавалі асабістую ахову Вітаўта і разам з ім прымалі ўдзел у знакамітай Грунвальдскай бітве 15 ліпеня 1410 г. Дзякуючы асаблівым адносінам з князем яны былі вызваленыя ад падаткаў. За добрую службу яны атрымлівалі зямлю і маёнткі. З канца XVIII ст да сярэдзіны XX ст. у розных воінскіх падраздзяленнях Літвы служыла да 50 татарскіх генералаў.
Захоўваючы вернасць краіне, якая стала іх другой радзімай, літоўскія татары прымалі ўдзел ва ўсіх без выключэння войнах Вялікага Княства Літоўскага і ў паўстаннях 1794, 1831 і 1864 гадоў. Яны таксама ўдзельнічалі ў войнах за незалежнасць Літвы (1918-1920). Палкоўнік Аляксандр (Сулейман) Халецкі, ваенны высокага чыну з літоўскіх татараў, быў адным з заснавальнікаў войска адроджанай Літвы. У міжваенны перыяд у Літоўскай Рэспубліцы жыло каля тысячы татараў.
З цягам часу мяняліся прафесіі літоўскіх татараў. У пачатку XX стагоддзя сярод татараў з'явіліся ўрачы, навукоўцы, мастакі і прадстаўнікі вольных прафесій. Некаторыя з іх сталі шырока вядомыя ў свеце. У Літве яны мелі дзве парафіі з цэнтрамі ў Каўнасе і Райжай. У 1930 г., падчас святкавання 520-годдзя Грунвальдскай бітвы, у часовай сталіцы Літвы Каўнасе была адкрытая новая каменная мячэць. Значную падтрымку ў яе пабудове аказаў тагачасны ўрад Літвы.
У дадзены час у Літоўскай Рэспубліцы жыве каля 2500 татараў. Сёння большасць літоўскіх татараў гуртуецца ў Алітускай, Каўнаскай і Віленскай абласцях. Пра іх уплыў на жыццё дзяржавы сведчаць Татарская вуліца ў цэнтры Вільнюса і былое Лукішскае прадмесце ў Вільнюсе.
Літоўскія татары захавалі кулінарныя традыцыі. Іх найбольш знакамітая ў Літве і за мяжой страва – слоены пірог з макавай начынкай "Сталіснік". Таксама шырока вядомыя літоўскія татарскія пельмені з баранінай і ялавічынай, гарбузовы пірог з мясам (раней традыцыйна ўжывалася гусь), абрадавыя круглыя праснакі – яма, салодкая халва.