Адкрылася выстава фотаздымкаў Эндру Мікшыса „Цюльпаны“
9 мая ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” у Мінску прайшло адкрыццё выставы „Цюльпаны“ фатографа літоўскага паходжання Эндру Мікшыса.
Першы раз завітаўшы ў Беларусь у 2009 г., Э. Мікшыс апынуўся на пампезным святкаванні Дня Перамогі з ваенай тэхнікай, трактарамі, шэсцем працоўных і чырвонымі цюльпанамі. Гэта было быццам вяртанне ў часе да іканаграфіі Савецкага Саюза, а чырвоныя цюльпаны пазней сталі сімвалам цыкла фотаздымкаў.
Сімвалічна і тое, што выстава адкрылася менавіта 9 мая, калі Беларусь адзначае Дзень Перамогі. Што зафіксаваў позірк фатографа амаль дзесяць гадоў таму, што змянілася за тыя гады? Нямала часу прайшло. Пытанні, на якія наведвальнікі выставы павінны самі знайсці адказ.
Творца прэзентаваў і свой фотаальбом „Цюльпаны“, які быў абраны фотакуратарам лонданскай галерэі TATE Modern Сіманам Бэйкерам як адна з найлепшых фотакніг 2016 года.