*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Адзначаныя 250-я ўгодкі з дня нараджэння М. К. Агінскага

11 сакавіка ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Мінску адбыўся вечар, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння знакамітага кампазітара, палітыка, дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага.

Першай часткай мерапрыемства стала дыскусія-круглы стол, на якой захавальнікі спадчыны М. К. Агінскага з Літвы і Беларусі падзяліліся сваімі ідэямі і планамі з нагоды юбілею.

Міхал Клеафас Агінскі – сын літоўскага, беларускага і польскага народаў, які стаў кампазітарам, дыпламатам, дзяржаўным дзеячом еўрапейскага маштабу – і сёння з’яўляецца сімвалам любові да Айчыны і Свабоды, – адзначыў, вітаючы прысутных на вечары гасцей, амбасадар Літоўскай Рэспублікі Эвалдас Ігнатавічус. – Яго музычныя творы, дзённікі, лісты – гэта важнае сведчанне драматычнага перыяду і сімвалічная сувязь паміж многімі еўрапейскімі народамі.

З асобай і творчасцю Міхала Клеафаса Агінскага гасцей пазнаёміла падрыхтаваная Музеем тэатра, музыкі і кіно Літвы выстава фотарэфлексій “Лісты пра музыку” (аўтар Лілія Валаткене) і канцэртная праграма з твораў М. К. Агінскага і яго сучаснікаў, якую выканаў ансамбль старажытнай музыкі Вялікага Княства Літоўскага „TRIO DE VILNA“ і кларнетыст Марус Дэксніс.