АМБАСАДАР Л. ЛІНКЯВІЧУС НАВЕДАЎ БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ПЕДАГАГІЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ
15 кастрычніка амбасадар ЛР у Беларусі Л. Лінкявічус наведаў Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка, дзе сустрэўся з рэктарам П. Д. Кухарчыкам і дэканам факультэта беларускай і рускай філалогіі В. Дз. Старычонкам. Падчас сустрэчы было абмеркаванае магчымае супрацоўніцтва ў галінах адукацыі і культуры, сувязі з Літоўскім эдукалагічным універсітэтам.
Амбасадар таксама наведаў Центр літуаністыкі, які дзейнічае пры універсітэце, і сустрэўся са студэнтамі, што вучацца па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Літоўская мова”. Цэнтр – гэта адзін з агменяў літоўскасці, у якім студэнты спрабуюць спасцігнуць тонкасці літоўскай мовы, традыцыі, гісторыю і культуру Лівты. Гэта адна з нямногіх устаноў у Беларусі, дзе можна пачуць жывое літоўскае слова. Гэта пацвердзілі радкі знакамітых літоўскіх паэтаў, якія дэкламавалі па-літоўску студэнты трэцяга курса А. Аліева, В. Кацуба, В. Макейчык і В. Варановіч.
У Беларускім педагагічным універсітэце па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Літоўская мова” цяпер вучацца 7 студэнтаў. Амбасада Літвы ў Мінску ўжо некалькі год падтрымлівае сталую сувязь з універсітэтам, дыпламаты чытаюць студэнтам лекцыі пра культуру, гісторыю Літвы, пра важныя для дзяржавы даты.