АТ “ЛІТОЎСКАЯ ЧЫГУНКА” АДКРЫЛА ПРАДСТАЎНІЦТВА Ў МІНСКУ
2 траўня ў Мінску было ўрачыста адкрыта прадстаўніцтва АТ “Літоўская чыгунка”. Сімвалічную стужачку перарэзаў генеральны дырэктар “Літоўскай чыгункі” С. Дайлідка, кіраўнік чыгункі Беларусі У. Марозаў і першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Я. Рагачоў. Гэта трэцяе прадстаўніцтва “Літоўскай чыгункі” за мяжой (першыя дзве дзейнічаюць ў Расіі і Кітаі).
З нагоды адкрыцця прадстаўніцтва была праведзена канферэнцыя, удзельнікаў якой павіталі амбасадар Літвы Э. Ігнатавічус, амбасадар Беларусі ў Літве У. Дражын, амбасадар Літвы па пытаннях энергетыкі і транспарту В. Наудужас і першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Я. Рагачоў. Удзельнікі канферэнцыі былі азнаёмленыя з патэнцыялам “Літоўскай чыгункі”, магчымасцямі развіцця грузаперавозак, ходам ажыццяўлення праекта пасажырскай сувязі паміж Вільнюсам і Мінскам.
Адкрываючы прадстаўніцтва, “Літоўская чыгунка” спадзяецца яшчэ больш узмацніць супрацоўніцтва з адным з важнейшых сваіх партнёраў – беларускай чыгункай. Прадстаўніцтва павінна спрычыніцца да развіцця комплексных лагістычных рашэнняў і да забеспячэння як мага больш стабільных грузавых патокаў.
У мінулым годзе чыгункай паміж Літвой і Беларуссю было перавезена 13.6 млн. тон грузаў. Дзяржаўную мяжу Літвы і Беларусі штодзень перасякае ў сярэднім 30 пар грузавых цягнікоў. Больш за ўсё перавозіцца хімічных і мінеральных угнаенняў і нафты і яе прадуктаў. Большая частка грузаў з Беларусі перавозіцца чыгункай у напрамку Клайпеды.
Прадстаўніцтва адкрыта ў адным з навейшых мінскіх бізнес-цэнтраў па вул. Інтэрнацыянальнай, 36-1. У ім будуць працаваць 3 службоўцы, кіраўніком прадстаўніцтва прызначаны У. Дзервянкоў, які выдатна ведае транспартны сектар Беларусі.