Для літоўскіх дзетак Беларусі – вясёлыя Каляды з Тосяй-Босяй
З імклівым набліжэннем году да канца, не былі забытыя і літоўскія дзеткі Беларусі. З нагоды надыходзячых Калядаў, амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Мінску запрасіла маленькіх літоўцаў на святочную Калядную імпрэзу з асабліва любімай у Літве Тосяй-Босяй, Гномам Чысцёхай і Дзедам Марозам.
Падчас свята дзеткі з літоўскіх суполак Мінска, Ліды, Пялесы і Рымдзюнаў прадставілі свае падрыхтаваныя праграмы: гучалі літоўскія песні, вершы, удзельнікі выконвалі тэатральныя імправізацыі і вадзілі карагод.
“Прадстаўленні маленькіх сяброў нашай суполкі кожны раз уражваюць выдумкай і шчырасцю. Літоўскае слова з дзіцячых вуснаў гучыць па-асабліваму, таму мы абавязаныя працягваць нашы традыцыі, а амбасада і надалей павінна заставацца домам для ўсіх нас”, – адзначыў амбасадар Літвы Андрус Пулокас.
У дадзены час у Беларусі жыве каля пяці тысяч літоўцаў, у Гродна, Лідзе, Мінску, Пялесе і Рымдзюнах дзейнічаюць літоўскія суполкі, працуюць дзве літоўскія сярэднія школы ў Пялесе і Рымдзюнах, некалькі нефармальных літоўскіх устаноў адукацыі і грамадскіх арганізацый.