*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Дзень абаронцаў Свабоды адзначаны ў Мінску

14 студзеня г.г. у Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі было адзначана 25-годдзе Дня абаронцаў Свабоды.

Прысутныя на ўрачыстым вечары ў памяць студзеньскіх падзей беларускія дзеячы мастацтва і культуры, прадстаўнікі грамадскай супольнасці, прэсы, дапламатычнага корпусу, мінскія літоўцы пазнаёміліся з выставай фотаздымкаў Зянонаса Някрошуса і Віргіліюса Усінавічуса “Шлях да Волі. Літва ў 1988-1991 гады“.

 Амбасадар Літоўскай Рэспублікі Эвалдас Ігнатавічус напачатку вечара зазначыў, што 25-годдзе Дня абаронцаў Свабоды, якое адзначаецца сёлета, – гэта сімвалічны мост, што злучае час умацавання Незалежнасці Літвы чвэрць стагоддзя таму з сённяшнім днём. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.

Прысутны на вечары сігнатар, былы амбасадар Літвы ў Латвіі, Беларусі і Украіне, былы міністр замежных спраў Пятрас Вайтэкунас падзяліўся сваімі ўспамінамі пра трагічныя студзеньскія дні ў Парламенце Літвы і пра падзеі апошніх гадоў ва Украіне. Беларускія палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Валянцін Голубеў, Вінцук Вячорка, Пётр Садоўскі і іншыя таксама распавялі пра памятны 1991 год і пра тое, як паўплывала барацьба літоўцаў за свабоду на беларускіх актывістаў. Ксёндз Міхал Бубен прачытаў малітву за тых, хто загінуў за свабоду і ўжо памерлых сведкаў тых падзей.

У канцы вечара ў двары Амбасады ўсе сабраліся ля памятнага вогнішча, частаваліся гарачай гарбатай і бутэрбродамі. Як у тым студзені 1991 года…