*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Дзеці беларускіх літоўцаў сустрэліся з Прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі

Дзеці з суполкі літоўцаў Беларусі, разам са сваімі аднагодкамі з Польшчы, Латвіі і Калінінградскай вобласці, прынялі ўдзел у каляднай сустрэчы з Прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі, што адбываецца ўжо ў дзясяты раз.

У традыцыйнай сустрэчы ўдзельнічалі амаль 150 дзяцей і іх настаўнікаў з суседніх краін. За дзесяць год Прэзідэнцкі палац ужо наведала больш за тысячу вучняў, тут праводзіліся выставы іх малюнкаў, прадстаўленні, арганізоўваліся адукацыйныя заняткі з мастакамі – братамі Гатавецкасамі, скаўтамі, вёскай Вікінгаў, вучні наведвалі Цэнтр грамадскай адукацыі, упрыгожвалі разам з Прэзідэнтам калядную елку ў Белай залі. У гэтым годзе выхаванцы школ з літоўскай мовай навучання з Ліды, Пялесы і Рымдзюнаў, разам са сваімі аднагодкамі з іншых краін, вучыліся з кіраўніцай краіны размалёўваць калядныя пернікі.

Па словах Прэзідэнта, стагоддзе адноўленай Літоўскай дзяржавы, якое адзначаецца ў гэтым годзе – выдатная нагода для літоўцаў свету яшчэ больш умацаваць сувязь з Радзімай, уцягнуцца ў жыццё краіны, агульнымі намаганнямі ствараць і рабіць мацнейшай Літву.

Прэзідэнт пажадала  вучням палюбавацца на ўпрыгожаны да Калядаў Вільнюс і ў вольны час наведаць самыя цікавыя месцы сталіцы. У гонар стагоддзя аднаўлення Літоўскай дзяржавы, дзеці наведалі адкрыты нядаўна помнік старшыні Рады Літвы д–ру Ёнасу Басанавічусу, а Дом Сігнатараў падрыхтаваў у падарунак кожнаму вучню па копіі Акта Незалежнасці.