Экспанаты Тракайскага гістарычнага музея ў Мінску
3 сакавіка ў Літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску прайшло адкрыццё ўнікальнай выставы „Узнагароды краін свету“ з фондаў Тракайскага гістарычнага музея.
У выставе – больш за 120 ордэнаў і медалёў з 41 краіны свету – з Еўропы, Афрыкі, Азіі, ЗША, Лацінскай Амерыкі. Вялікую частку экспанатаў (31 адз.) складаюць узнагароды Літоўскай Рэспублікі.
Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус падкрэсліў, што гэтая выстава – гэта яшчэ адна частка мерапрыемстваў, прысвечаных аднаўленню Незалежнасці Літвы; яна прадстаўляе гісторыю ўзнагарод Літоўскай дзяржавы. Гэта адзін з мноства ўжо праведзеных і запланаваных агульных праектаў Амбасады Літвы ў Мінску і Музея Янкі Купалы.
Экспазіцыю ў Музеі Янкі Купалы можна будзе наведаць да 10 красавіка 2016 г., а пасля выстава паедзе ў Гомель, Віцебск, Магілёў, Гродна і ў Музей М. К. Агінскага ў Залессі.