Калядны канцэрт – падарунак сябрам і партнёрам Амбасады Літоўскай Рэспублікі
Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, з удзячнасцю ўсім сваім сябрам і партнёрам за цудоўнае супрацоўніцтва ў 2016 годзе, запрасіла іх на калядны канцэрт.
8 снежня шматлікія прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, дзеячы культуры і мастацтва, журналісты, прадстаўнікі літоўскай супольнасці сабраліся ва ўпрыгожанай, напоўненай калядным настроем амбасадзе. Сюрпрыз вечара – супольны канцэрт студэнтаў акадэмій музыкі Літвы і Беларусі. Маладыя літоўскія музыканты, пад кіраўніцтвам д-ра Робертаса Бяйнарыса, праф. Альгірдаса Візгірды, д-ра Юлюса Чарнюса і выкладчыцы Віленскай музычнай школы імя Баліса Дваронаса Галіны Якайцене паспрабавалі свае сілы разам з беларускімі студэнтамі, што вучацца ў класах праф. Пятра Дударэнкі, дац. Ніны Аўраменка, ст. выкладчыкаў Сяргея Працэнкі і Георгія Казадоя. Выкананы супольна “Вальс” Арама Хачатурана выклікаў сапраўдную буру авацый.
Амбасадар Літоўскай Рэспублікі Андрус Пулокас, пажадаўшы гасцям светлых і шчаслівых Калядаў, выказаў усцешанасць супрацоўніцтвам дзвюх роднасных акадэмій музыкі і сталым узмацненнем культурных сувязяў паміж Літвой і Беларуссю.