Казачны Вільнюс Саўлюса Журы прадстаўлены ў Мінску
6 лютага 2020 г. у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі прадставіла выставу фотаздымкаў знакамітага літоўскага фотамастака Саўлюса Журы “Віленскія гарызонты”.
Распачаўшы гэтай унікальнай выставай свой цыкл культурных мерапрыемстваў гэтага года, амбасада Літвы запрасіла беларускае грамадства агледзець зафіксаваныя з дапамогай традыцыйнага фотаапарата і дрона непаўторныя віды Вільнюса, прадстаўленыя ва ўражальным фармаце.
Па словах прадстаўніка амбасады Літвы Міндаўгаса Габрэнаса, Вільнюс, які быў першы раз узгаданы ў лістах Гедыміна ў 1323 годзе, ужо тады імкнуўся стаць шматнацыянальным, мульцікультурным, талерантным горадам. „У Вільнюсе спляліся ўсходняя і заходняя культуры, у Вільнюсе знайшлі свой дом прадстаўнікі розных народаў, Вільнюс блізкі і для беларусаў. У мінулым годзе прадставіўшы пераклад на беларускую мову рамана Рычарда Гавяліса “Віленскі покер”, сёння дзякуючы аўтару мы ўсцешаныя бачыць вас усіх на візуалізацыі гэтага віленскага летапісу”, – адзначыў прадстаўнік амбасады.
Аўтар выставы, шматразовы пераможца конкурса прэс-фота Літвы “Залаты кадр” Саўлюс Жура прызнаўся, што дэтальна бачыць Вільнюс яму дапамагала вывучэнне архітэктуры, а здольнасць заўважаць нават самыя дробныя гарадскія дэталі і збіраць іх у агульную карціну Вільнюса прыходзіць сама сабой і паступова.