Кніга А. Адамковіча “Беларусы ў Літве: учора і сёння” прэзентаваная ў Мінску
2 чэрвеня ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандра Адамковіча “Беларусы ў Літве: учора і сёння”.
А. Адамковіч ужо шмат год вывучае жыццё беларусаў у Літве. Гэта ўжо другая кніга гэтай серыі, прысвечаная складанаму развіццю рэлігійнага і духоўнага жыцця беларусаў у Віленскім краі падчас польскай акупацыі ў 1921-1939 гадах. Беларусы – адна з найбольш шматлікіх этнічных груп у Літве, якая мае агульную з літоўцамі доўгую гісторыю і вялізную культурную спадчыну. Шматкультурная Вільня XIX – пачатку XX ст. была для гэтага народу важным культурным цэнтрам, горад з выразнай каталіцкай традыцыяй стаў цэнтрам прыцягнення беларусаў і своеасаблівай альтэрнатывай Мінску, дзе панавала рускае праваслаўе.
У імпрэзе прыняў удзел сам аўтар кнігі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў др. Адам Мальдзіс, рэдактар кнігі, амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, беларускія гісторыкі, прадстаўнікі культуры і мастацтва, журналісты.