*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Копіі архіўных дакументаў з Літвы перададзеныя Музею-сядзібе М. К. Агінскага

20 лістапада адбылася афіцыйная цырымонія перадачы копій архіўных дакументаў з Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва Музею-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі (Смаргонскі раён, Беларусь).

25 верасня 2015 г. сядзіба М. К. Агінскага пасля рэстаўрацыі  зноў адчыніла свае дзверы, гэтая падзея была прымеркаваная да 250-годдзя з дня нараджэння славутага кампазітара і грамадскага дзеяча. Копіі замежных пашпартоў М. К. Агінскага і копія інвентарнага вопіса сядзібы Агінскіх папоўнілі экспазіцыю музея, якая прадстаўляе ўсебаковасць асобы М. К. Агінскага: палітык, дыпламат, міністр, кампазітар.

У цырымоніі прыняла ўдзел дырэктар Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва Віргінія Чыюнскене. Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус выказаў задаволенасць шчыльным супрацоўніцтвам архіваў Літвы і Беларусі, пажадаў у будучыні ажыццявіць не адзін карысны праект. Для шматлікіх гасцей са Смаргоні, Маладэчна, Мінска і для прадстаўнікоў прэсы выступаў калектыў са Смаргонскай мастацкай школы імя М. К. Агінскага.