Літоўскае кіно – у цэнтры ўвагі беларускіх гледачоў
19 – 26 красавіка ў Мінску праходзіць міжнародны Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” („Northern Lights“), які стаў ужо традыцыйным.
Кінападзея, якая запаўняе залі мінскіх кінатэатраў з 2015 г. і ладзіцца пры падтрымцы Офіса Савета Міністраў Паўночных краін у Літве, штогод прадстаўляе гледачам найноўшыя фільмы Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, Даніі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.
У гэтым годзе свята кіно, якое праходзіць ужо ў чацвёрты раз, з нагоды 100-годдзя аднаўлення дзяржаў Балтыі надало асаблівую ўвагу кінематографу Літвы, Латвіі і Эстоніі. Падчас фестывалю аматары кіно, акрамя самых новых прац рэжысёраў Эстоніі і Латвіі, могуць пабачыць і два літоўскія фільмы: фільм Міндаўгаса Сурвілы “Старажытны лес”, што выклікаў вялізную міжнародную зацікаўленасць, і фільм Ігнаса Мішкініса „Каралеўская змена“. Аматары кіно таксама мелі магчымасць паглядзець і кранальную гісторыю шведскай выканаўцы літоўскага паходжання ў дакументальным фільме “Сільвана”.
23 красавіка прадстаўнікі кінаіндустрыі, СМІ, культуры і мастацтва Беларусі, а таксама дыпламатычны корпус, што размяшчаецца ў гэтай краіне, былі запрошаныя на вечар кіно Балтыйскіх краін з нагоды 100-годдзя аднаўлення дзяржаў Балтыі, які праходзіў у амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Мінску. Мерапрыемства распачалі кіраўнікі прадстаўніцтваў Літвы, Латвіі і Эстоніі ў Беларусі, а таксама кіраўніца Офіса Савета Міністраў Паўночных краін у Літве Хелен Нільсан, якія разам пагадзіліся, што кінафестываль “Паўночнае ззянне” у Беларусі ўжо стаў значнай падзеяй і адыгрывае выключную ролю ў культурным жыцці гэтай краіны, асабліва сярод моладзі. „Кіно Паўночных і Балтыйскіх краін не заўсёды зручнае і простае, аднак яно не пазбягае разгляду актуальных праблем сучаснага еўрапейскага грамадства, якое ўсё больш робіцца неад’емнай часткай і беларускага грамадства, таму значнасць гэтага фестывалю – бясспрэчная”, – падкрэсліў амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас.
Падчас мерапрыемства сваю творчасць гасцям прадставілі і выканаўцы літоўскай электроннай этнічнай музыкі „Girių dvasios“.
У гэтым годзе госці Фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” маюць магчымасць пабачыць больш за 17 мастацкіх і дакументальных фільмаў са Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, Даніі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, а таксама Фарэрскіх астравоў.