*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

ЛІТВА СКОНЧЫЛА ПАДРЫХТОЎКУ ДА ЎВЯДЗЕННЯ СПРОШЧАНАЙ ПРАЦЭДУРЫ ПЕРАСЯЧЭННЯ МЯЖЫ ДЛЯ ЖЫХАРОЎ ПАМЕЖНЫХ РЭГІЁНАЎ ЛІТВЫ І БЕЛАРУСІ

1 сакавіка Літва перадала Беларусі ноту, у якой паведамляецца, што скончаныя ўсе ўнутраныя працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сілу пагаднення аб спрошчанай працэдуры перасячэння мяжы для жыхароў памежных рэгіёнаў. Пагадненне ўступіць у сілу па сканчэнні трыццаці дзён пасля таго, як беларускі бок адпаведна паведаміць аб сканчэнні ўсіх унутраных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу пагаднення.

 

Літва актыўна і паслядоўна імкнецца развіваць адносіны з насельніцтвам Беларусі на ўзроўні Еўрапейскага Саюза і на двухбаковым узроўні, заклікаючы да большай адкрытасці ЕС у адносінах да простых жыхароў Беларусі. Толькі атрымаўшы магчымасць свабодна падарожнічаць і лепш азнаёміцца з краінамі ЕС, грамадзяне Беларусі змогуць ствараць незалежную будучыню сваёй краіны.

Пагадненне паміж Літвой і Беларуссю дазволіць жыхарам памежных рэгіёнаў перасякаць мяжу без віз, з адмысловымі дазволамі на мясцовае перамяшчэнне, і знаходзіцца на памежнай тэрыторыі іншай дзяржавы да 90 дзён на паўгады.

Дазволы на мясцовае перамяшчэнне будуць выдавацца пастаянным жыхарам памежнага рэгіёну, якія давядуць абгрунтаваныя эканамічныя, камерцыйныя, культурныя і іншыя адпаведныя падставы для наведвання памежнай тэрыторыі іншай дзяржавы.

Пропускі будуць выдавацца на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў, кошт іх выдачы – 20 еўра. Пропускі не даюць права на працу ў іншай краіне і  не абмяжоўваюць жыхароў памежнай зоны ў магчымасці атрымаць візы на ўезд у краіны Шэнгена ці на перамяшчэнне за мяжу тэрыторыі безвізавага рэжыма, калі асоба прыязджае ў Літву ў рэжыме мясцовага перамяшчэння.

У памежнай зоне з Беларуссю з літоўскага боку пражывае каля 800 тысяч жыхароў, а з боку Беларусі – каля 600 тысяч. Згодна з палажэннямі рэгламенту, пад паняццем памежнай тэрыторыі разумеюцца тэрыторыі адміністрацыйных тэрытарыяльных адзінак да 30 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы ў краіне і ў зоне 30  кіламетраў да мяжы дзяржавы, але не больш чым 50 кіламетраў.  Спіс памежных рэгіёнаў Літвы складзены на аснове спіса раённых самакіраванняў і зацверджаны ў дадатку да пагаднення.

Пагадненне было падпісана 20 кастрычніка 2010 г. у Мінску. Урады абедзвюх краін ратыфікавалі пагадненне ў 2011 г.