*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Міністр замежных спраў Л. Лінкявічус з працоўным візітам наведаў Мінск

Міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус 24-25 ліпеня наведаў Мінск, дзе сустрэўся з Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясніковічам і міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Макеем і абмеркаваў найбольш актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва Літвы і Беларусі, адносіны Еўрасаюза і Беларусі, удзел Беларусі ў праграме Усходняга партнёрства. Падчас візіта Л. Лінкявічус таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краіны.

Міністры замежных спраў Літвы і Беларусі станоўча ацанілі эканамічнае супрацоўіцтва абедзвюх дзяржаў, абмеркавалі пытанні аказання консульскіх паслуг і развіцця пунктаў памежнага кантролю. Міністр Л. Лінкявічус падкрэсліў, што Літва ўжо даўно скончыла ўсе неабходныя працэдуры для ўступлення ў сілу парадку паездак жыхароў памежжа і яшчэ раз заклікаў беларускі бок як мага хутчэй вырашыць гэтае пытанне.

У ходзе сустрэчы Л. Лінкявічус таксама звярнуў увагу на неабходнасць выканання ўсіх прадугледжаных міжнароднымі канвенцыямі патрабаванняў у сферы ядзернай бяспекі і заклікаў беларускі бок прадставіць адказы на пытанні, узнятыя Літвой, адносна бяспекі Астравецкай атамнай электрастанцыі, што будуецца ў Беларусі.

У кантэксце адносін Еўрасаюза і Беларусі міністры вылучылі праходзячыя перамовы ЕС і Беларусі наконт спрашчэння візавага рэжыму і дамовы аб рэадмісіі, шмат увагі надалі ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнёрстве і перспектывам гэтай праграмы пры ажыццяўленні мэтаў, пастаўленых на сустрэчы ў вярхах у Вільнюсе і ў працэсе падрыхтоўкі да сустрэчы ў вярхах у Рызе ў 2015 г. Л. Лінкявічус прывітаў вызваленне вядомага праваабаронцы А. Бяляцкага з турмы і адзначыў, што  вызваленне і рэабілітацыя ўсіх астатніх палітычных зняволеных адкрылі б шлях для паўнавартаснага палітычнага дыялогу ЕС і Беларусі. Міністр таксама падкрэсліў, што Літва шануе паслядоўную пазіцыю Беларусі адносна непрызнання анексій Абхазіі, Паўднёвай Асетыі і Крыма.

Міністры таксама абмяняліся меркаваннямі наконт становішча на Ўкраіне, падкрэсліваючы неабходнасць вырашэння канфлікта ў краіне, паважаючы прынцыпы яе суверэнітэта і тэрытарыяльнай цэласнасці.

На сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Беларусі найвялікшая ўвага была нададзеная эканамічным сувязям абедзвюх краін, асабліва ў сферах транзіту і транспартнай лагістыкі, абмеркаваныя падрыхтоўка да юбілейнага дзесятага бізнес-форуму Літвы і Беларусі, які ў гэтым годзе плануецца правесці ў Магілёве, інтарэсы літоўскага бізнесу ў Беларусі і беларускага бізнесу ў Літве.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі і блізкімі палітычных зняволеных міністр замежных спраў Літвы запэўніў, што Літва, як і ўвесь ЕС, паслядоўна падтрымлівае і будзе падтрымліваць ажыццяўленне дэмакратычных рэформ, забеспячэнне правоў чалавека і ўмацаванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.