Мінск апладыраваў літоўскім оперным салістам
24 траўня на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра бліскуча выступілі літоўскія оперныя салісты: лаўрэатка Нацыянальнай прэміі культуры і мастацтва Літвы, сапрана Аста Крыкшчунайтэ і вядучы барытон опернага тэатра г. Дзюсельдорфа (Германія) Лайманас Паўценюс.
У канцэртнай праграме гучалі арыі з літоўскіх опер Б. Дваронаса “Даля”, В. Кловы “Піленай”, а таксама арыі з добра вядомых усім опер В. А. Моцарта “Дон Жуан”, Дж. Вердзі “Набука” і “Травіята”, П. Чайкоўскага “Яўгеній Анегін”, аперэт Ф. Легара “Вясёлая ўдава”, І. Кальмана “Сільва” і “Прынцэса цырка”, мелодыі І. Штраўса і іншых кампазітараў.
У фае тэатра была адкрытая выстава “Вясна мастацтва” вядомага сваім жывапісам і малюнкамі па шоўку мастака Відмантаса Вайткявічуса.
У мерапрыемстве прымалі ўдзел саветнік Прэм’ер-міністра Літвы, амбасадар Антанас Вінкус, саветнік Прэм’ер-міністра Адольфас Даманскіс, генеральны дырэктар АА „Klasco“ Аўдрус Паўжа, віцэ-міністр культуры Беларусі Васіль Чэрнік, дырэктар Музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч, амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль.