Мінскія літоўцы наведалі выміраючую літоўскую вёску
28 траўня літоўцы, што жывуць у Мінску, і працаўнікі амбасады Літвы наведалі Магілёўскую вобласць.
У прыгожай вёсцы Малкоўка пасярод бярозавага гаю ў пачатку XX ст. жыла шматлікая (да 150 двароў) літоўская супольнасць. У наш час у вёсцы жывуць дзве літоўскія сям’і, якія яшчэ разумеюць і размаўляюць па-літоўску. Літоўскія надмагіллі на закінутых могілках нагадваюць пра мноства літоўцаў, пахаваных тут. Захаваўся і пастаўлены ў 1998 г. па ініцыятыве беларускіх літоўцаў драўляны крыж, урачыста пасвечаны епіскапам Паўлюсам Балтакісам.
Ксёндз Мікалас у палявых умовах адслужыў імшу за пахаваных на могілках літоўцаў, гучала музыка прывезеных арганаў. Прысутныя запалілі свечкі ў іх памяць.
Літоўцы таксама наведалі Мсціслаўскі раён і Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі і Св. Станіслава ў Магілёве. Такая карысная паездка выдатна ўзмацняе таварыскі дух і аб’ядноўвае раскіданых па краіне землякоў.