*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Моўна-адукацыйны кірмаш у Мінску

26 траўня ў Мінску адбылося апошняе мерапрыемства Дзён Еўропы ў Беларусі – Моўна-адукацыйны кірмаш, у якім прымалі ўдзел Францыя, Фінляндыя, Польшча, Латвія, Балгарыя, Чэхія, Італія, Вялікабрытанія і іншыя краіны, розныя адукацыйныя ўстановы: Інстытут Гётэ, Цэнтр шведскіх даследаванняў, можна было даведацца пра праграмы “MarieCurie”, “Erasmus” і іншыя.

Літву на гэтай выставе прадставілі Інстытут літоўскай мовы, Фонд падтрымкі адукацыйных абменаў і тры універсітэты: Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ), Міжнародны універсітэт LCC, Універсітэт кіравання і эканомікі ISM.

 У фае будынка ўвесь дзень дзейнічала падрыхтаваная Інстытутам літоўскай мовы інтэрактыўная выстава “Дакраніся да літоўскай мовы”. Вялікую зацікаўленасць выклікаў даклад дырэктара Інстытута літоўскай мовы Яланты Забарскайтэ “Культурныя і моўныя сувязі: учора і сёння”.

Прагучаў даклад каардынатара праектаў Фонда падтрымкі адукацыйных абменаў Віліі Дулевічутэ “Літва – выдатнае месца, каб атрымаць вышэйшую адукацыю “, а таксама пра магчымасці навучання ў Вільнюсе распавялі прадстаўнікі ЕГУ, універсітэтаў LCC і ISM.

Наведвальнікі прымалі актыўны ўдзел ва ўроках мовы, дыскусіях, сесіях пытанняў і адказаў.