*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

НАВУЧЭНЦЫ ЛІТОЎСКІХ ШКОЛ ПЯЛЕСЫ І РЫМДЗЮНАЎ СУСТРЭЛІСЯ З ПРЭЗІДЭНТАМ ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІКІ ДАЛЯЙ ГРЫБАЎСКАЙТЭ І НАВЕДАЛІ КАЛЯДНЫ ВІЛЬНЮС

21 снежня2012 г. навучэнцы і настаўнікі літоўскіх школ Пялесы і Рымдзюнаў бралі ўдзел у падрыхтаваным амбасадай Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі традыцыйным калядным падарожжы ў Вільнюс. Вялікі гурт з 84 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх суправаджаў Часовы павераны ў справах амбасады ЛР у Мінску Ёнас Даніляўскас, сустрэўся з Прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі Даляй Грыбаўскайтэ, наведаў знакамітыя гістарычныя мясціны і палюбаваўся на ўпрыгожаны да святаў Вільнюс. Падчас сустрэчы ў Прэзідэнтуры Даля Грыбаўскайтэ павіншавала навучэнцаў з надыходзячымі св. Калядамі і пажадала заўсёды заставацца сапраўднымі літоўцамі, ахоўваць і паважаць сваю мову, захоўваць літоўскую культуру і традыцыі. Кіраўніца краіны падаравала дзецям літоўскія кнігі.

 

Навучэнцы літоўскіх школ у Беларусі таксама ўдзельнічалі ў падрыхтаванай Літоўскім нацыянальным музеем эдукацыйнай праграме, падчас якой ім былі прадстаўленыя літоўскія калядныя традыцыі і звычаі. Таксама дзеці наведалі сутарэнні Архікатэдры, дзе мелі магчымасць зблізу пазнаёміцца з гісторыяй Літвы.

Як і штогод, амбасада ЛР у Мінску зрабіла навучэнцам і іх настаўнікам калядныя падарункі. Гэтым разам, каб заахвоціць цікавасць да гісторыі Літвы ад стварэння дзяржавы да яе ўваходу ў трансатлантычныя структуры ў2004 г., амбасада ЛР кожнаму навучэнцу і настаўніку асабіста падаравала кнігу А. Бумблаўскаса, А. Эйдынтаса, А. Кулакаўскаса і М. Тамашайціса “Гісторыя Літвы”.

Падарожжа ў Вільнюс дзяцей літоўскай суполкі ў Беларусі перад каляднымі святамі, якое арганізуецца шэсць гадоў запар, ужо стала прыгожай традыцыяй, дзякуючы якой дзеці атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца са сталіцай Літвы і надалей захоўваць любоў да сваёй краіны і літоўскую самасвядомасць у Беларусі. Амбасада Літоўскай Рэспублікі, навучэнцы літоўскіх школ Пялесы і Рымдзюнаў шчыра дзякуюць Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі перавозчыкаў „Linava“ за некалькі гадоў запар прадастаўляемы бясплатна транспарт і за магчымасць наведаць Вільнюс.