*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

ПАДПІСАНА ПАГАДЖЭННЕ ПАМІЖ ЛІТВОЙ І БЕЛАРУССЮ АБ ПАРАДКУ ЎЗАЕМНЫХ ПАЕЗДАК ЖЫХАРОЎ ПАМЕЖНЫХ ТЭРЫТОРЫЙ

20 кастрычніка ў  Мінску, пры ўдзеле прэзідэнтаў Літвы і Беларусі Далі Грыбаўскайтэ і Аляксандра Лукашэнкі, Міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс і яго беларускі калега Сяргей Мартынаў падпісалі Пагаджэнне паміж Літвой і Беларуссю аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый.Па словах Міністра А. Ажубаліса. Літва прымае ўдзел у першым этапе збліжэння Беларусі з Еўропай. Ад таго, наколькі беларускі бок будзе гатовы да гэтага збліжэння, будуць залежаць наступныя крокі Літвы і Еўрапейскага Саюза ў галіне візавай палітыкі ў адносінах да Беларусі.

“З іншага боку, гэта – вялікі выклік не толькі для Беларусі, але і для літоўскіх ведамстваў. Важна, каб да ратыфікацыі пагаджэння Сеймам Літвы, ведамствы былі гатовыя для яго рэалізацыі, і, у прыватнасці, забяспечыць, каб пагаджэннем не злоўжывалася”, - адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы.

Пасля ратыфікацыі пагаджэння, вызначаныя групы жыхароў памежных тэрыторый атрымаюць магчымасць на безвізавае перасячэнне мяжы і знаходжанне на памежнай тэрыторыі іншай дзяржавы са спецыяльнымі дазволамі на адлегласці да 50 км ад мяжы да 90 дзён цягам паловы года.

Дазволы тэрмінам на пяць гадоў будуць выдавацца пастаянным жыхарам памежных тэрыторый, якія з-за сямейных адносінаў, па эканамічным і гандлёвым прычынам, культурных сувязяў, а таксама па іншых важных прычынах плануюць часта знаходзіцца ў памежнай тэрыторыі суседняй дзяржавы. Гэтыя дазволы не даюць права на працу.

Пасля ўступлення ў сілу пагаджэння не будзе адменены памежны і мытны кантроль, узровень бяспекі межаў не зменіцца. Міністэрства замежных спраў Літвы прапанавала Ураду краіны даручыць кампетэнтным літоўскім ведамствам падрыхтавацца да ажыццяўлення пагаджэння.

Чакаецца, што пагаджэнне будзе спрыяць развіццю сувязяў паміж насельніцтвам памежных тэрыторый, а таксама гандлю, культурных і турыстычных абменаў, рэгіянальнаму супрацоўніцтву паміж Літвой і Беларуссю, збліжэнню Беларусі з Еўрапейскім Саюзам.

Пагаджэнне паміж Літвой і Беларуссю заснавана на рэгламенце Еўрапейскага парламента і Савета ад 20 снежня 2006 г., які быў прыняты з мэтамі стварэння эфектыўнай сістэмы мясцовага перасячэння мяжы, паколькі пасля пашырэння ЕС у 2004 г. узнікла неабходнасць забяспечыць, каб межы з суседнімі краінамі не сталі перашкодай для гандлю, сацыяльных і культурных абменаў і рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Міністры таксама абмеркавалі пытанні ініцыятывы “Усходняга партнёрства” ЕС і энергетычныя пытанні.

У Мінску Міністр А. Ажубаліс таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадскай суполкі Беларусі.