Польскія і літоўскія дыпламаты ўшанавалі 158-ю гадавіну Студзеньскага паўстання
22 студзеня часовая павераная ў справах амбасады Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене і часовы павераны ў справах амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі разам ушанавалі памяць удзельнікаў паўстання 1863 года.
На месцы пахавання пяці ўдзельнікаў Студзеньскага паўстання ў Прэбані (Маладзечанскі раён) былі ўскладзеныя кветкі, запаленыя свечкі. У Прэбані пахаваныя пяць паўстанцаў — адзін з кіраўнікоў паўстання Юліян Бакшанскі (за 39 гадоў свайго жыцця ён два разы быў сасланы з Беларусі за актыўную грамадскую пазіцыю, і усё адно кожны раз вяртаўся), Рафал Малішэўскі, Людвік Ямонт, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы Ігнацый Сулістроўскі. На месцы іх вечнага спакою пастаўлены помнік.
Часовы павераны пасольства Літвы ў Мінску Аста Андрыяўскене сказала, што Студзеньскае паўстанне стала не толькі гістарычнай падзеяй, важнай для літоўцаў, палякаў і беларусаў. "Лозунг удзельнікаў паўстання "За нашу і вашу свабоду" сёння актуальны як ніколі. Мы цэнім паўстанцаў і ўсіх, хто сёння змагаецца за свабоду", - сказала Аста Андрыяўскіене.