Прэм’ера п’есы Юлюса Келераса “Сны” у Беларусі
30 мая ў Новым драматычным тэатры г. Мінска адбылася прэм’ера п’есы літоўскага паэта, фатографа, драматурга Юлюса Келераса “58 сноў” на рускай мове.
Спектакль літоўскага рэжысёра Віргініі Тарнаўскайтэ, якая жыве і працуе ў Мінску, названы “Сны”. У ім граюць выбітныя беларускія акторы. Тэмы, што падымаюцца ў спектаклі, актуальныя для сучаснага маладога чалавека, які шукае свой шлях у тэхнакратычным грамадстве, паміж сапраўдным і ўяўным, рэальнасцю і ілюзіяй, паміж непаразуменнем і страчанай сувяззю з сабой і светам.
Пасля спектакля гледачы мелі магчымасць паразмаўляць з аўтарам п’есы, рэжысёрам і акторамі. Частка пытанняў і адказаў была падобная на другі спектакль, калі публіка дыскутавала, выказвала свае погляды, спрачалася.
Амбасада Літвы ў Беларусі па традыцыі ў канцы паўгадавога культурнага сезона знаёміць беларускага гледача з літоўскім тэатрам, літоўскай драматургіяй. Так, у снежні 2016 г. публіка не шкадавала камліментаў цудоўнай акторцы і рэжысёру Бірутэ Мар і яе спектаклю “Анёлы Дастаеўскага”.