*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

СТАРШЫНЯ АБСЕ ВЫКАЗВАЕ РАСЧАРАВАНАСЦЬ З НАГОДЫ ПРЫСУДА БЕЛАРУСКАМУ ПРАВААБАРОНЦЫ, ЗАКЛІКАЕ НЕАДКЛАДНА ВЫЗВАЛІЦЬ ЯГО

ВІЛЬНЮС, 24 лістапада 2011 года – Старшыня Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) Міністр замежных спраў Літвы Аудронюс Ажубаліс, сёння выказаў глыбокую трывогу ў сувязі з прысудам, вынесеным вядомаму беларускаму праваабаронцы Аляксандру (Алесю) Бяляцкаму.Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна” А. Бяляцкі быў сёння прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. “Гэты выпадак павінен разглядацца як частка больш шырокай карціны пераследу і запалохвання праваабаронцаў у Беларусі”,  - сказаў А.Ажубаліс.

«Вясне» з 2003 года неаднаразова было адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі з боку беларускіх уладаў пасля прынятага ў 2003 годзе рашэння Вярхоўнага суда, дзе ўказвалася ліквідаваць арганізацыю. Хаця Камітэт ААН па правах чалавека прыйшоў да высновы, што ліквідацыя арганізацыі з’яўляецца парушэннем абавязанняў Беларусі па свабодзе аб’яднанняў, усе наступныя спробы “Вясны” перарэгістравацца былі беспаспяховыя.

Па словах старшыні АБСЕ, неабгрунтаваныя абмежаванні свабоды аб’яднанняў сур’ёзна абмяжоўваюць працу арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і падвяргаюць іх чальцоў небяспецы пераследу з боку ўладаў за законныя спробы абараняць правы чалавека.

“Дзеянні, за якія Алесь Бяляцкі быў прызнаны вінаватым, з’яўляюцца прамым вынікам празмернага абмежавання свабоды аб’яднанняў у краіне і яго дзейнасці ў якасці праваабаронцы. Ясна, што суд належным чынам не разглядзеў матывы А. Бяляцкага”  - сказаў ён.

А.Ажубаліс паўтарыў свой заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення А. Бяляцкага і іншых палітычных зняволеных і дзеячаў грамадзянскай супольнасці. “Я заклікаю прадстаўнікоў беларускіх уладаў выконваць у поўным аб’ёме абавязанні АБСЕ ў вобласці свабоды аб’яднанняў і абароны праваабаронцаў, як у заканадаўстве, так і на практыцы”.

Старшыня АБСЕ таксама выказаў заклапочанасць з нагоды паведамленняў аб тым, што беларускія ўлады забаранілі міжнародным назіральнікам прыбыць на суд над А. Бяляцкім і адзначыў, што гэта ставіць пад сумнеў гатовасць уладаў забяспечыць поўную празрыстасць судовага працэса ў гэтай справе. Згодна з абавязаннямі дзяржаў-удзельніц АБСЕ, дзяржавы не павінны перашкаджаць прысутнасці на судовых працэсах назіральнікаў, якіх напраўляюць іншыя краіны-удзельніцы і прадстаўнікам няўрадавых арганізацый і іншых зацікаўленых асобаў, дабавіў ён.

Акрамя таго, А. Ажубаліс заклікаў беларускія ўлады адмяніць нядаўна прынятыя прававыя акты, якія забараняюць арганізацыям грамадзянскай супольнасці мець рахункі ў замежных банках і накладаюць дадатковыя абмежаванні на іх дзейнасць, паколькі такім чынам яшчэ больш абмяжоўваецца свабода сходаў.