*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Творчасць Мсціслава Дабужынскага прадстаўленая ў Мінску

25 чэрвеня 2018 г. у Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы адкрылася прысвечаная 100-годдзю аднаўлення Літоўскай дзяржавы выстава твораў мастака Мсціслава Дабужынскага, якія захоўваюцца ў Літоўскім музеі тэатра, музыкі і кіно.

Падчас адкрыцця выставы, якую складаюць сорак арыгінальных эскізаў, амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас адзначыў, што асоба М. Дабужынскага аказала вялікі ўплыў на тагачаснае культурнае і грамадскае жыццё Літвы, а яго дзейнасць у вывучэнні сімвалаў літоўскай дзяржаўнасці немагчыма пераацаніць. Па словах дырэктаркі  Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно Рэгіны Лапене, М. Дабужынскі быў унікальнай асобай, ён не толькі заснаваў разам з Маркам Шагалам мастацкі інстытут у Віцебску і кіраваў ім, але і адным з першых ацаніў арыгінальнасць М. К. Чурлёніса і дапамог яму завязаць сувязі з сябрамі пецярбургскіх мастацкіх і музычных таварыстваў.

Мсціслаў Дабужынскі нарадзіўся 15 жніўня 1875 г. у Ноўгарадзе. У 1895 г. скончыў 2-ю Віленскую гімназію для хлопчыкаў, у гэтым жа годзе паступіў на факультэт права Пецярбурскага ўніверсітэта. У 1899 – 1901 гг. вучыўся ў Мюнхене, у прыватных мастацкіх школах Антона Ажбе і Шымона Халошы. Працягнуў навучанне ў Пецярбургу ў прафесара Акадэміі мастацтваў Васіля Матэ. У 1902 г. стаў сябрам мастацкага таварыства “Свет мастацтва”. У 1906 – 1911 гг. выкладаў у прыватнай мастацкай школе Лізаветы Званцавай. У 1906 г. быў прызначаны прафесарам Калегіі дэкаратыўнага мастацтва. У 1922 г. пачаў выкладаць у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. У 1918 – 1924 гг. працаваў у тэатрах Масквы і Пецярбурга.

У 1924 г. М. Дабужынскаму было нададзенае грамадзянства Літвы. У 1929 г. мастак пасяліўся ў Каўнасе і ў 1930-х гадах уключыўся ў культурнае жыццё краю: у 1929 – 1930 гг. кіраваў студыямі графікі і дэкаратыўнага жывапісу Каўнаскай мастацкай школы; у 1930 – 1933 гг. у Каўнасе працавала прыватная студыя М. Дабужынскага; ён праводзіў персанальныя выставы, прыняў удзел у некалькіх выставах літоўскага мастацтва, працаваў у сферы аховы помнікаў, ствараў архітэктурныя пейзажы, праілюстраваў некалькі выданняў, працаваў з прыкладной графікай і экслібрысамі, цікавіўся геральдыкай.

І ўсё ж найбольш значныя ўзоры творчай спадчыны мастака належаць гісторыі літоўскага тэатра – М. Дабужынскі, які працаваў у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Парыжы, быў адным з самых яскравых і актыўных мастакоў, што тварылі для прафесійнага літоўскага тэатра ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён стаў своеасаблівым светачам, які накіроўваў эстэтычныя прынцыпы тэатральнага мастацтва і дапамог змяніць погляд на сцэнаграфію, яе праблемы і мэты. Мастак стварыў сцэнічнае афармленне для 38 спектакляў Дзяржаўнага тэатра.

У 1938 г. мастак выехаў у Лондан, а ў 1939 г. – у ЗША, дзе працаваў у розных галінах мастацтва: праводзіў выставы, ствараў архітэктурныя пейзажы, дэкарацыі для фільмаў, сцэнаграфію для тэатраў. У Еўропу М. Дабужынскі вярнуўся ў 1947 г. Жыў у Парыжы, Лондане, Швейцарыі, амаль два гады працаваў у італьянскіх тэатрах „La Scala“ у Мілане і „San Carlo“ у Неапалі. Пісаў успаміны. Памёр 22 лістапада 1957 г. у Нью-Ёрку.

Выстава эскізаў М. Дабужынскага ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы будзе праходзіць да 30 ліпеня.