Творы літоўскіх мастакоў прадстаўленыя ў Мінску
21 верасня 2018 г. у беларускім Палацы мастацтва Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі прадставіла выставу жывапісу літоўскіх мастакоў Ёнаса Чапоніса і Рымаса Бічуніса “Колер: традыцыя фавізму ў жывапісе і фота”, якая эскпанавалася разам з фотаздымкамі беларускай фотамастачкі Алены Адамчык.
На выставе прадстаўлена 10 выбраных палотнаў Ё. Чапоніса і Р. Бічуніса. Па словах амбасадара Літоўскай Рэспублікі Андруса Пулокаса, які адкрываў выставу, працы Ё. Чапоніса і Р. Бічуніса дыхаюць радасцю жыцця, а каларыстыка гучыць самымі светлымі фарбамі мінулага 100-годдзя Літвы.
Ёнас Чапоніс (1926–2003) – адзін з найбольш знакамітых літоўскіх мастакоў-мадэрністаў, які ствараў працы яркага, маляўнічага каларыту, у яго жывапісе дамінуе жанр пейзажу, вобразы ваколіц роднай вёскі, фрагменты віленскага Старога горада. Р. Бічунас (нар. у 1945) стварае пейзажы, нацюрморты, аўтапартрэты, аднак галоўную і найбольшую частку яго жывапісу займаюць кампазіцыі. Творчасць Р. Бічунаса – інтэлігентная, рафінаваная, майстэрская, падуладная імправізацыі, яна валодае мноствам прыкмет індывідуальнай арыгінальнасці, майстэрствам, інтэлектуалізмам, адчуваннем часу.
Фавізм (франц. les fauves “дзікія звяры”) – гэта плынь мадэрнісцкага мастацтва, якая ўзнікла ў пачатку XX ст. у Францыі, яе пачынальнік – Анры Маціс. У Літве напрамак фавізму сфармаваўся дзякуючы вучню А. Маціса Антанасу Гудайцісу (1904-1989) і пазней быў развіты яго вучнямі Ёнасам Чапонісам і Рымасам Бічунісам.
Гэтая выстава – адно з мерапрыемстваў Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, прысвечаных 100-годдзю аднаўлення дзяржаўнасці.