Творы маладога пакалення мастакоў Літвы прадстаўленыя ў Мінску
23 траўня 2018 г. у выставачнай залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў "Акадэмія" амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі разам з Саюзам мастакоў Літвы прадставілі групавую выставу маладых літоўскіх мастакоў.
Гэтым разам беларускаму грамадству былі прадстаўленыя восем мастакоў маладога пакалення, якія вызначаюцца сваёй арыгінальнасцю, выбітным талентам і ўжо паспелі атрымаць сімпатыі мастацкіх крытыкаў і гледачоў.
На выставе прадстаўленыя Міколе Янцене, Года Лукайтэ, Адэле Ліепа Каўнайтэ, Індрэ Эрцманайтэ, Альгімантас Чарняўскас, Андрус Макарэвічус, Віта Апальскітэ і Аўгустас Лопас – гэта маладыя творцы, што скончылі навучанне ў Літве і за яе межамі, правялі ўжо не адну сваю персанальную выставу і былі ўзнагароджаныя рознымі літоўскімі і міжнароднымі мастацкімі прэміямі.
Па словах амбасадара Літвы ў Беларусі Андруса Пулокаса, у гэтым годзе мы святкуем 100-годдзе маладой, сучаснай і імклівай дзяржавы, таму творчасць маладых літоўскіх мастакоў – цудоўная ілюстрацыя такой Літвы. Мастак Андрус Макарэвічус, што рабіў прамову ад імя творцаў, якія прыйшлі на адкрыццё, выказаў усцешанасць, што мае магчымасць прадставіць сваю творчасць яшчэ не вельмі знаёмай беларускай публіцы, і надзею пабачыць творы маладых беларускіх мастакоў у Літве.
Выстава маладых літоўскіх мастакоў у выставачнай залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў "Акадэмія" будзе экспанавацца да 14 чэрвеня.
Гэтая выстава – адно з мерапрыемстваў амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, прысвечаных 100–годдзю аднаўлення дзяржавы.