У Беларусі адзначылі 450-я ўгодкі Люблінскай уніі
23 траўня 2019 г. падчас міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адбылася дыскусія на тэму Люблінскай уніі. З нагоды 450-х угодкаў гэтага саюза Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, гісторыкі з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны абмеркавалі важныя пытанні агульнага гістарычнага мінулага.
Падчас сваёй прамовы на адкрыцці канферэнцыі амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас адзначыў, што Люблінская унія ў пэўным сэнсе была першым праяўленнем аб’яднання Еўропы і аказала вялікі ўплыў на развіццё сённяшняга еўрапейскага парламентарызма. „У XV ст. разам абараняючы свае інтарэсы ў Грунвальдскай бітве, у XVI ст. – аб’яднаўшыся, сёння Літва і Польшча – суверэнныя і незалежныя дзяржавы, якія адзначаюць 15-годдзе ўступлення ў ЕС”, – адзначыў амбасадар.
На міжнароднай канферэнцыі выступалі з паведамленнямі і прымалі ўдзел у дыскусіі доктар гуманітарных навук Інстытута гісторыі Літвы Рамуне Шмігельскітэ-Стукене і доктар гуманітарных навук Віленскага універсітэта Айвас Рагаўскас.
1 ліпеня 1569 г. у Любліне была зацверджаная Унія Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, якая прадугледжвала стварэнне Рэспублікі Абодвух Народаў. Гэтая Унія пастанавіла, што ВКЛ і Польшчай будзе кіраваць кароль Польшчы, будзе агульны сейм. У Вялікага Княства Літоўскага застаўся тытул асобнай дзяржавы, тэрыторыя і выканаўчая ўлада з казной і войскам.