*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

У Беларусі адзначылі Дзень аднаўлення Літоўскай Дзяржавы

21 лютага амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь запрасіла шматлікае кола дзеячоў бізнесу, культуры, грамадства і прадстаўнікоў літоўскай суполкі ў добра вядомую ў Мінску прастору сучаснага мастацтва і культуры “OK16”, дзе прадставіла Камерны ансамбль Літоўскай нацыянальнай філармоніі „Musica humana“.

Падчас мерапрыемства гучалі творы М. К. Чурлёніса, М. К. Агінскага, Ю. Наўяліса і іншых літоўскіх кампазітараў, а таксама найбольш вядомыя творы А. Вівальдзі, Г. Ф. Гендэля, В. А. Моцарта і іншых класікаў сусветнага ўзроўню. Падчас урачыстага прыёма госці таксама мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай работ літоўскага фотамастака Саўлюса Паўкшціса “Віды Вільнюса”, надрукаваных па ўнікальнай, запатэнтаванай яшчэ ў ХІХ ст. тэхніцы Ван Дэйка.

Амбасадар Літвы ў Беларусі А. Пулокас нагадаў шматлікім прысутным гасцям, што сёлета Літва адзначае 15-годдзе членства ў ЕС і НАТА і выказаў усцешанасць няспыннай падтрымкай літоўцамі абедзвюх структур. “Сёння мы не толькі радыя быць у складзе еўраатлантычнай супольнасці, якая гарантуе нам прагрэс і бяспеку. Сёння мы святкуем Літоўскую Дзяржаву, якая адрадзілася 16 лютага 1918 г., была зацверджаная партызанскай крывёй у Мінайчай 16 лютага 1949 г., а сёння хутка набірае моц і любімая ўсімі намі”, – адзначыў амбасадар.

Падчас урачыстага прыёма з нагоды Дня аднаўлення дзяржаўнасці Літву павіншавалі кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін, культурная і бізнес-эліта краіны, грамадскія дзеячы, а таксама шматлікая дэлегацыя літоўскіх прадпрымальнікаў і прадстаўнікі літоўскай суполкі.