*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

У БЕЛАРУСІ ПАЧАЛІСЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ “ДЗЁН ЛІТВЫ”

3 траўня ў амбасадзе Літвы ў Мінску пачаліся “Дні Літвы”, прызначаныя да важных падзей гэтага года – 150-годдзя паўстання 1863 года і надыходзячага старшынства Літвы ў Еўрасаюзе. Падчас адкрыцця “Дзён Літвы” прысутным гасцям было зачытанае вітальнае слова ініцыятара гэтых дзён – Міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Лінаса Лінкявічуса, у якім была падкрэсленая неабходнасць лепш пазнаць адно аднога, працягваць добрыя традыцыі мінуўшчыны і карыстацца магчымасцямі сучаснасці.

Цягам адкрыцця “Дзён Літвы” была прадстаўленая выстава фотаздымкаў Дыяны і Леонаса Гарбачаўскасаў “Фальваркі Літвы”, у якой увекапомненыя ўнікальныя архітэктурныя ансамблі з мноства літоўскіх гарадоў і мястэчак. У гісторыях сямей, якія стваралі і валодалі гэтымі фальваркамі, сплятаюцца генеалагічныя лініі літоўскай і беларускай шляхты. У дзесяцігоддзі страчанай незалежнасці з фальваркаў распаўсюджвалася прагрэсіўная палітычная і эканамічная думка, еўрапейскія формы адукацыі і мастацтва, яны выконвалі своеасаблівую функцыю амбасадаў.

Адкрыццё “Дзён Літвы” скончыў тэатралізаваны музычны праект “Радзіме аддаю багацце, працу і жыццё”, які прадставілі актрыса і рэжысёр мерапрыемстваў Віргінія Каханскітэ і лаўрэаткі міжнародных конкурсаў Швесе Чэпляўскайтэ і Гедрэ Зэйцайтэ. Яны пазнаёмілі прысутных з музычнай і літаратурнай спадчынай знакамітага кампазітара, дыпламата, князя М. К. Агінскага, зачаравалі публіку вытанчанай інтэрпрэтацыяй яго вакальнай творчасці. Праекты, прызначаныя да надыходзячага юбілея М. К. Агінскага, якія ўжо некалькі год падтрымлівае Міністэрства замежных спраў – гэта адзін з найпрыгажэйшых прыкладаў агульнай дзейнасці Літвы і Беларусі.

3-4 траўня ў амбасадзе Літвы таксама праходзіла дыскусія літоўскіх, беларусіх і польскіх гісторыкаў “Рэканструкцыя гісторыі: памяць і грамадствы ва Ўсходне-Цэнтральнай Еўропе”. Падчас яе вялася гаворка пра агульную культурную і гістарычную спадчыну ВКЛ, паўстанне 1863-га года, уплыў камуністычнага мінулага на развіццё краін Усходне-Цэнтральнай Еўропы.

Дні Літвы першы раз у гісторыі абедзвюх краін дазволяць беларусам пазнаёміцца не толькі з мінуўшчынай, што яднае абодва народы, але і з сучасным мастацтвам, актуаліямі культурнага жыцця, турызму і навучання. У Мінск прыедуць Каўнаскі і Клайпедскі музычны тэатры і Каўнаскі камерны тэатр. Гледачы змогуць таксама ўбачыць праект, які аб’яднаў літоўскіх і беларусіх дзеячоў мастацтва – спектакль “Дзяды”, пастаўлены па матывах паэмы А. Міцкевіча, які рэжысавала Рамуне Кудзманайтэ.

У траўні для наведвальнікаў адчыніць дзверы выстава твораў Стасіса Красаўскаса, у чэрвені з Бібліятэкі Віленскага Універсітэта ў Мінск прыедзе кніга Францыска Скарыны “Апостал”. Гэта толькі частка мерапрыемстваў, спіс якіх пастаянна падаўжаецца.

У час “Дзён Літвы” беларускаму грамадству таксама будуць прадстаўленыя магчымасці турызму, эканамічнага супрацоўніцтва і навучання ў Літве. Мерапрыемствы ахопяць не толькі Мінск, але і іншыя беларускія гарады, а пасля іх заканчэння Літва будзе прадстаўленая цягам усяго паўгоддзя свайго старшынства ў Еўрасаюзе.