У Беларусі прадстаўленая літоўская анімацыя
У працяг цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю аднаўлення літоўскай дзяржавы, 4 лістапада 2018 г. Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі прадставіла ў Музеі гісторыі беларускага кіно праект “Год літоўскай анімацыі ў свеце. Вялікі тур”.
У гэтым годзе ў праграме анімацыйных фільмаў Мінскага міжнароднага кінафестываля “Лістапад”, які праходзіць ужо ў 25-ы раз – выключная цікавасць да літоўскай анімацыі. Падчас праекта, прысвечанага 110-гадоваму юбілею анімацыі Літвы, былі прадэманстраваныя вытрымкі з каротка- і паўнаметражных анімацыйных фільмаў для дзяцей і дарослых, а таксама дэбютныя студэнцкія працы найлепшых літоўскіх аніматараў. Шматлікую публіку, што сабралася на адкрыццё выставы, чакалі працы літоўскіх аніматараў Ніёле Валадкевічутэ, Іллі Беразніцкаса, Юратэ Лайкайтэ-Ашкінене, Валентаса Ашкініса і карыкатурыста Зянонаса Штэйніса, а самі аўтары, якія завіталі на адкрыццё выставы і сустрэчу з гледачамі, выклікалі выключную зацікаўленасць мясцовых СМІ, прадстаўнікоў культуры і мастацтва.
Па словах прадстаўніка Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Міндаўгаса Габрэнаса, які прымаў удзел у адкрыцці выставы, сімвалічна, што падчас святкавання 100-годдзя аднаўлення дзяржавы мы маем магчымасць адзначыць і 110-гадовы юбілей літоўскай анімацыі, якая вызначаецца крэатыўнасцю і здаровай іроніяй, а сваёй шматзначнасцю нярэдка рассоўвае рамкі традыцыйнай дзіцячай аўдыторыі.
Прадстаўляючы ўласныя працы, а таксама працы сваіх калег, дырэктар літоўскага фестываля анімацыйных фільмаў „Tindirindis“ і адзін са стваральнікаў знакамітага літоўскага паўнаметражнага анімацыйнага фільма ‚Залаты конь“ Валентас Ашкініс адзначыў, што нягледзячы на цяжкія этапы, анімацыя Літвы змагла не толькі захавацца, але і развівацца далей, а літоўскія аніматары атрымалі прызнанне ва ўсім свеце.
Выстава, прысвечаная 110-годдзю літоўскай анімацыі, будзе экспанавацца ў Беларусі да 9 снежня.