У Беларусі прадстаўленая творчасць фотамастачкі Віялеты Бубелітэ
У працяг цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю аднаўлення Літоўскай дзяржавы, 25 кастрычніка 2018 г. у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь у Мінску Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь прадставіла рэтраспектыўную выставу фотаздымкаў літоўскай фотамастачкі Віялеты Бубелітэ “Сваё цела”.
Шматлікую публіку, што сабралася на адкрыццё выставы, чакалі каля 100 рупліва адабраных арыгінальных аўтарскіх фотаздымкаў, а таксама створаныя ў апошнія гады навейшыя аўтарскія працы. Сама аўтар, якая прысутнічала на адкрыцці выставы ў Мінску, выклікала выключную зацікаўленасць мясцовых СМІ, прадстаўнікоў культуры і мастацтва.
Па словах прадстаўніка Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Міндаўгаса Габрэнаса, які адкрываў выставу, творчасць В. Бубелітэ фенаменальная не толькі ў свеце мастацтва Літвы, але і ўсяго рэгіёна. „Віялета Бубелітэ, якую нярэдка ставяць побач з легендарнай Франчэскай Вудман, сёння з’яўляецца адным з найярчэйшых і найбольш самабытных персанажаў у свеце фатаграфіі і наогул мастацтва Літвы. Яе тэатралізаваная персаніфікацыя свайго цела не пакідае абыякавымі ні ў 1980-х, ні цяпер”.
Распавядаючы пра серыю прац “Сваё цела”, аўтарка падкрэсліла, што ў сваёй рэтраспектыўнай серыі фотаздымкаў імкнулася раскрыць тэатралізаваных, абязлічаных, напоўненых чалавечымі эмоцыямі персанажаў, якія акружаюць нас і сёння. „У маёй фатаграфіі шмат тэатра, танца, пантамімы, аднак вы не знойдзеце там нарцысічнага імкнення дэманстраваць сябе. Жанчына на маіх фотаздымках – гэта не я, гэта – створаны мной персанаж“, – адзначыла фотамастачка.
Віялета Бубелітэ нарадзілася ў 1956 г. у Вільнюсе. У 1996–1998 гг. супрацоўнічала з часопісам „Жанчына“, з 1998 г. – фотакарэспандэнт штотыднёвай, а пасля штодзённай газеты “Дзелавыя навіны”. Праводзіла індывідуальныя выставы ў Літве і за мяжой. Найважнейшая серыя фотаздымкаў В. Бубелітэ – “Аўтапартрэты” (1981–2003), яе складаюць тры часткі: “З люстэркам” (1982), „Аўтапартрэт“ (1983–1994) і “Акт” (1981–2003). З’яўляецца фотамастаком Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва, яе творчасць у 2013 г. стала знаходкай міжнароднага фестываля фатаграфіі “PhotoEspaña”.
Выстава фотаздымкаў “Сваё цела” у Мінску будзе экспанавацца да 24 лістапада.