У Беларусі прадстаўленая творчасць мастака Рамунаса Чапоніса
3 кастрычніка 2019 г. у галерэі “Арт-Беларусь” амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі прадставіла выставу жывапісу вядомага літоўскага мастака і графіка Рамунаса Чапоніса „Abstract Mind“.
Беларускім грамадскім дзеячам, дыпламатам, прадстаўнікам культуры і мастацтва, якія сабраліся на адкрыццё выставы, былі прадстаўленыя найлепшыя творы абстрактнага жывапісу Р. Чапоніса, якія, як сцвярджаюць мастацкія крытыкі, належаць да медытатыўнага жывапісу і вызначаюцца пачуццём цішыні і спакою, а таксама духоўнай глыбінёй.
Па словах прадстаўніка амбасады Літоўскай Рэспублікі Міндаўгаса Габрэнаса, для творчасці Р. Чапоніса характэрны доўгі інтэлектуальны медытацыйны працэс, а мінімалістычная эстэтыка яго твораў блізкая да традыцыйнага жывапісу і каліграфіі Далёкага Ўсходу.
Адзін з найбольш значных прадстаўнікоў літоўскага абстрактнага жывапісу сярэдняга пакалення, Рамунас Чапоніс нарадзіўся ў 1958 г. у Вільнюсе. У 1982 г. скончыў навучанне ў Дзяржаўным інстытуце мастацтваў, з 1983 г. актыўна працуе ў галінах жывапісу, графікі і афармлення кніг, правёў больш за 30 персанальных выстаў у Літве і за мяжой, прымаў удзел у мностве групавых выстаў у розных краінах.
Творы аўтара захоўваюцца ў Літоўскім мастацкім музеі, Нацыянальным мастацкім музеі М. К. Чурлёніса, Графічным кабінеце Віленскага ўніверсітэта, музеі МО, прыватных калекцыях у Літве і за мяжой.