У Беларусі прадстаўленая творчасць Томаса Вянцлавы
4-7 красавіка 2019 г. у Мінску прайшоў ужо другі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Нетрадыцыйная, але аблюбаваная мясцовай інтэлігенцыяй прастора „Ok16“ падчас кніжнага фестывалю ператварылася ў месца інтэлектуальных дыскусій, размоў і сустрэч, дзе збіраліся пісьменнікі, паэты, рэдактары, літаратурныя і мастацкія крытыкі, ілюстратары, дызайнеры, перакладчыкі і чытачы.
У гэтым годзе на фестывалі “Прадмова” як ніколі часта гучала імя Літвы. Акрамя прэзентацыі кнігі беларускага пісьменніка Аляксандра Фядуты пра вядомага грамадскага дзеяча, юрыста і філамата літоўскага паходжання Францішка Малеўскага, на кніжным свяце была прадстаўленая і творчасць знакамітага літоўскага паэта, публіцыста, перакладчыка, прафесара Томаса Вянцлавы.
Томас Вянцлава, на сустрэчу з якім сабралася асабліва шмат аматараў літаратуры, разам з рускім пісьменнікам Віктарам Ерафеевым і беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым прымаў удзел у дыскусіі „Пісьменнік, улада і грамадства: межы адказнасці“, а на наступны дзень прадставіў беларускай грамадскасці сваю кнігу паэзіі і адказаў на шматлікія пытанні публікі.
Па словах амбасадара Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андруса Пулокаса, які адкрываў фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, аўтарытэт і інтэлектуальныя погляды Томаса Вянцлавы надзвычай важныя ў сённяшняй расколатай Еўропе і ва ўсім свеце. „Тэксты Т. Вянцлавы прымушаюць спыніцца, павярнуцца да сябе, ацаніць. У іх – усё ХХ стагоддзе з яго радасцямі і нягодамі –трэба толькі пачуць“, – адзначыў амбасадар.