У Беларусі прадстаўленыя літоўскія кінафільмы
З 10 па 17 траўня ў Мінску праходзіць міжнародны Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін "Паўночнае ззянне" („Northern Lights“), які стаў ужо традыцыйным.
Кінападзея, якая запаўняе залі мінскіх кінатэатраў з 2015 г. і партнёрамі якой з'яўляюцца Офіс Савета Міністраў Паўночнаеўрапейскіх краін у Літве, Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі і прадстаўніцтвы іншых Паўночных і Балтыйскіх краін, кожны год прадстаўляе ўвазе гледачоў найноўшыя фільмы Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, Даніі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Сёлета падчас кінасвята, якое праходзіць ужо ў пяты раз, кінааматары мелі магчымасць пабачыць і два літоўскія фільмы: стужку Айстэ Жэгулітэ пра людзей, звяроў і рэчы „Animus Animalis“ і дэбютны фільм літоўскай рэжысёркі Марыі Каўтарадзэ „Перажыць лета“.
У гэтым годзе дэвіз Фестываля кіно Паўночных і Балтыйскіх краін "Паўночнае ззянне" – „Усё магчыма!”. Падчас яго гледачам былі не толькі прадстаўленыя самыя новыя мастацкія і дакументальныя кінастужкі з Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, Даніі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, а таксама Грэнландыі. Маленькія аматары кіно былі запрошаныя на адукацыйныя заняткі, а кінагурманы мелі магчымасць прыняць удзел у сустрэчах са стваральнікамі кіно.