У Беларусі развіваецца супрацоўніцтва мясцовых і літоўскіх мастацкіх школ
28 лютага – 1 сакавіка 2018 г., па запрашэнні амбасады Літвы ў Беларусі, Мінск наведалі прадстаўнікі Клайпедскай мастацкай школы імя Адомаса Бракаса.
Мэта візіта – удзел у імпрэзе з нагоды дзесяцігоддзя музея імя сусветна вядомага мастака Хаіма Суціна ў Смілавічах і завязванне партнёрскіх кантактаў з аднайменным цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.
Хаім Суцін – мастак, які нарадзіўся ў 1893 г. у Смілавічах у сям’і літоўскіх габрэяў (літвакоў), выхаванец Віленскай мастацкай школы (1866-1915), экспрэсіяніст, адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў Парыжскай школы жывапісу (разам з А. Мадыльяні, М. Шагалам, Ж. Ліпшыцам і інш.).
Падчас візіта ў Смілавічы прайшло знаёмства з экспазіцыяй Музея Хаіма Суціна, прагляд твораў выхаванцаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Прадстаўнікі Клайпедскай мастацкай школы імя Адомаса Бракаса мелі нагоду не толькі пазнаёміцца з цэнтрам творчасці, сваім будучым партнёрам, ацаніць яго адукацыйныя здольнасці і магчымасці, але і прадставіць свой досвед міжнароднага супрацоўніцтва. Чакаецца, што сувязі клайпедскай і смілавічскай мастацкіх школ, што завязаліся з дапамогай амбасады Літвы ў Беларусі, знойдуць свой працяг у цікавых і якасных праектах маладых творцаў.