У Беларусі – унікальная выстава фотамастака Антанаса Суткуса
У працяг цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю аднаўлення Літоўскай дзяржавы, 6 чэрвеня 2018 г. Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь прадставіла выставу фотаздымкаў Антанаса Суткуса „Людзі Літвы“.
У надзвычайна вялікай серыі фотаздымкаў, якая экспануецца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску і якую складаюць больш за сто рупліва адабраных, створаных больш за 50 гадоў таму фота, адзін з самых знакамітых літоўскіх фотамайстроў дэманструе не толькі добра вядомыя ва ўсім свеце, але і больш рэдкія працы. У серыі „Людзі Літвы“ увекапомненыя гараджане і вяскоўцы, дзеці, мастакі, палітыкі, вязні Каўнаскага гета, што перажылі Халакост, і іншыя.
Па словах амбасадара Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андруса Пулокаса, які адкрываў выставу, Антанас Суткус сёння – не толькі жывая легенда, але і візітная картка ўсёй Літвы, выдатна вядомая, тая, якую пазнаюць і любяць ва ўсім свеце.
Шматлікую публіку, прысутную на адкрыцці выставы, чакалі не толькі выдатныя фотаздымкі, але і сам аўтар, які з гэтай нагоды завітаў у Мінск. Менавіта з гэтай прычыны выстава прыцягнула выключную ўвагу мясцовых СМІ, а яе адкрыццё зацягнулася на некалькі гадзін. „Чалавек заўсёды быў асноўнай тэмай маіх фотаздымкаў. Чалавечнасць – гэта фундаментальная каштоўнасць і павінна ёй заставацца ў адносінах не толькі паміж людзьмі, але і паміж краінамі. Мы павінны думаць пра тое, што нас аб’ядноўвае, а не пра тое, што раздзяляе”, – адзначыў А. Суткус.
Лаўрэат Нацыянальнай прэміі культуры і мастацтва, кавалер Ордэна мастацтва і літаратуры (Chevalier des Arts et Lettres), лаўрэат прэстыжнай Прэміі Эрыха Саламона, А. Суткус – адзін з найбольш выбітных прадстаўнікоў гуманістычнай фатаграфіі ў Еўропе і ў свеце, які ў 70-х гг. ХХ стагоддзя разам з калегамі заклаў асновы літоўскай фатаграфічнай школы.
Антанас Суткус, чые зафіксаваныя штодзённыя вобразы параўноўваюць з працамі легендарных майстроў – француза А. Карцье-Брэсона і венгра А. Кертэса, разам з тым з’яўляецца і адным з найбольш знакамітых па-за межамі краіны літоўскіх фатографаў, чыя творчасць асабліва цэніцца і экспануецца ў прэстыжных галерэях па ўсім свеце.
Выстава фотаздымкаў “Людзі Літвы” будзе экспанавацца ў Мінску да 8 ліпеня.