*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

У Беларусі – выключная цікавасць да літоўскай культуры

У гонар 100-годдзя аднаўлення Літоўскай дзяржаўнасці і з нагоды Дня Дзяржавы (каранацыі караля Літвы Міндаўга), у амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Мінску прайшла ўрачыстая прэзентацыя чэрвеньскага нумара беларускага культурнага часопіса “Мастацтва”, прысвечанага агляду культуры Літвы.

Прадстаўляючы нумар часопіса, які выйшаў напачатку ліпеня, амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас выказаў усцешанасць, што чэрвеньскі выпуск дасягне беларускага грамадства менавіта 6-га ліпеня. “Сімвалічна, што гэты альманах сучаснай літоўскай культуры пабачыць свет менавіта сёння і асабліва прыемна, што ў гэтым нумары часопіса беларускаму чытачу прадстаўленыя не толькі добра вядомыя імёны, але і маладыя літоўскія творцы”, – адзначыў амбасадар.

У новым нумары беларускамоўнага культурнага часопіса, што выдаецца раз на месяц накладам больш за тысячу экземпляраў, шмат увагі надаецца візуальнаму мастацтву Літвы, музыцы, кіно, тэатру і харэаграфіі. У часопісе прэзентуюцца кірмаш сучаснага мастацтва „Art Vilnius 2018“, 13-я Трыенале краін Балтыі, дзейнасць Цэнтра сучаснага мастацтва, праца Віленскай мастацкай школы ў 1866-1915 гг., творчасць мастакоў Юозаса Лайвіса, Вітаўтаса Аўгусцінаса, Антанаса Суткуса. Выключную ўвагу часопіс надае не толькі літоўскаму джазу ці сучаснаму танцу, але і творчасці Міргі Гражынітэ-Цілы, Віялеты Урманы, пастаноўкам Эймунтаса Някрошуса, Бірутэ Мар. 

Часопіс “Мастацтва” распаўсюджваецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэта – адзінае ў краіне перыядычнае культурнае выданне такога аб’ёму.