У ГРОДНА ПРАЙШЛА ПРЭЗЕНТАЦЫЯ МАГЧЫМАСЦЯЎ ЛІТОЎСКАГА ТУРЫЗМУ
6-7 траўня амбасадар ЛР у Беларусі Э. Ігнатавічус наведаў праведзеную ў Гродна прэзентацыю магчымасцяў турыстычнага сектару Літвы і Гродзенскай вобласці, сустрэўся з кіраўнікамі горада, прадстаўнікамі дзелавых, турыстычных і культурных арганізацый. Прэзентацыю турызму, якая ўключана ў праграму Дзён Літвы, разам з амбасадай і Генеральным кансулатам ЛР у Гродна арганізаваў Дзяржаўны турыстычны дэпартамент Літоўскай Рэспублікі і выканаўчы камітэт Гродзенскай вобласці. Гасцей мерапрыемства, сярод якіх былі бізнесоўцы турыстычнага сектару Беларусі і Літвы, прадстаўнікі ўладаў Гродзенскай вобласці і Гродна і беларускай прэсы, павіталі амбасадар Эвалдас Ігнатавічус, дырэктар Дзяржаўнага турыстычнага дэпартамента Раймонда Бальнене, кіраўнік СЭЗ “Гроднаінвест” С. Ткачэнка.
Амбасадар Эвалдас Ігнатавічус, вітаючы ўсіх прысутных, адзначыў, што такія мерапрыемствы – выдатны выпадак, каб лепш пазнаць сваіх суседзяў, пашырыць кругазор і знайсці новыя магчымасці. “Для літоўцаў Гродна – гістарычна і культурна важны і блізкі горад. Захаваныя тут спадчына ВКЛ, спадчына ХХ стагоддзя, сляды дзейнасці Йонаса Яблонскіса павінны быць цікавыя не толькі гісторыкам, але і даступныя і вядомыя звычайнаму турысту. Беларускаму турысту ў Літве таксама павінны быць цікавыя не толькі Друскінінкай ці “Акропаліс”, але і маршруты і аб’екты сельскага, культурнага, актыўнага турызму. Я бачу Друскінінкайскі і Гродзенскі рэгіёны як адзіную турыстычную прастору з агульнымі маршрутамі і агульнымі турыстычнымі прадуктамі. Мы павінны быць не канкурэнтамі, а партнёрамі, што дапаўняюць адзін аднаго”, – падкэсліў амбасадар.
Дырэктар Дзяржаўнага турыстычнага дэпартамента Раймонда Бальнене пазнаёміла ўдзельнікаў з навінкамі турыстычнага сезону 2013 года. Магчымасці турыстычнага сектару Літвы прадставіла прэзідэнт Літоўскай турыстычнай асацыяцыі Эвалда Шышкаўскене, прадстаўнікі Беларусі прадставілі магчымасці культурнага турызму Гродзенскай вобласці, рэкрэацыйнага парку Аўгустоўскага каналу. Прайшла дыскусія ў выглядзе круглага стала, ў якой пра перспектывы развіцця турызму дыскутавалі бізнесоўцы Літвы і Гродзенскай вобласці.
Падчас візіту ў Гродна Э. Ігнатавічус сустрэўся з губернатарам Гродзенскай вобласці С. Шапіра, намесніцай мэра Гродна А. Агей і рэктарам Гродзенскага універсітэта А. Каралём, з якімі былі абмеркаваныя перспектывы эканамічнага, адукацыйнага, культурнага супрацоўніцтва і пытанні, актуальныя для літоўскіх бізнесоўцаў, што працуюць у Гродзенскай вобласці.
Мерапрыемствы Дзён Літвы ў траўні і чэрвені будуць працягвацца ў Мінску і іншых беларускіх гарадах.