У Мінску абвешчаныя пераможцы віктарыны пра Літву
9 чэрвеня ў Мінску скончыўся агульны праект Амбасады Літоўскай Рэспублікі, Аб’яднання літоўцаў Мінска “Віціс” і беларускай газеты для дзяцей і падлеткаў “Зорка” “Мост сяброўства: Беларусь-Літва”.
Праект, што доўжыўся амаль два месяцы, быў прызначаны для беларускіх дзяцей ва ўзросце ад 9 да 15 год. На старонках “Зоркі” і на сайце газеты публікаваліся артыкулы маладых карэспандэндаў беларускага і літоўскага паходжання пра культуру, народныя традыцыі Літвы, інтэрв’ю з Амбасадарам Эвалдасам Ігнатавічусам. Падчас праекта дзеці малявалі вежу Гедыміна, іншыя знакамітыя літоўскія мясціны. Веды пра Літву дзеці змаглі паглыбіць у віктарыне “Што мы ведаем пра Літву і Вільнюс”, у якой прымалі ўдзел больш за 70 дзяцей з усёй Беларусі. Дзеці, што прадэманстравалі найглыбейшыя веды пра суседнюю краіну, былі ўзнагароджаныя прызамі ад Амбасады Літоўскай Рэспублікі.