*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

У Мінску адкрылася нядзельная школа літуаністыкі

12 лістапада 2019 г. у Мінску прайшло ўрачыстае адкрыццё нядзельнай школкі літоўскай мовы. З гэтага часу аддзяленне літоўскай мовы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка будуць наведваць і малыя сябры мінскай суполкі літоўцаў, якія жадаюць навучыцца размаўляць па-літоўску.

Мінскую суполку літоўцаў "Віціс" з выдатнай ініцыятывай павіншаваў амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас, які падкрэсліў, што адкрыццё яшчэ адной школы літуаністыкі ў Беларусі, несумненна, далучыцца да захавання і пашырэння літоўскай мовы ў гэтай краіне.  „Разам з традыцыйнымі літоўскімі астраўкамі ў Пялесе, Рымдзюнах альбо Браслаўскім раёне, з цяперашняга часу Мінск можна будзе абгрунтавана называць яшчэ адным цэнтрам захавання літоўскай мовы і культуры“, – адзначыў амбасадар.

Плануецца, што ў нядзельнай школцы ў Мінску літоўскую мову спачатку будуць вывучаць каля 10 маленькіх літоўцаў. З нагоды адкрыцця школы амбасада ўручыла будучым вучням падручнікі, літоўскія кніжкі і сувеніры ад Міністэрства асветы і навукі Літвы, і перадала шчырыя віншаванні прадстаўнікоў міністэрства.

У дадзены час у Беларусі пражывае каля 5000 літоўцаў, дзейнічаюць суполкі літоўцаў Браслава, Гродна, Гярвятаў, Ліды, Мінска  і Пялесы, працуюць дзве ўстановы фармальнай адукацыі ў Пялесе і Рымдзюнах, а таксама школкі літуаністыкі ў Гродна, Лідзе, Усянах, Опсе і цяпер – у Мінску.