Ў МІНСКУ АДКРЫЛАСЯ ВЫСТАВА ЛІТОЎСКІХ ФОТАМАЙСТРАЎ ЮРГІ І РЫЧАРДА АНУСАЎСКАСАЎ “ДАЛЁКАЕ БЛІЗКАЕ”
4 лістапада 2010 г. у Музеі гісторыі горада Мінска адбылося адкрыццё выставы фотаздымкаў літоўскіх фатографаў Юргі і Рычарда Анусаўскасаў і прэзентацыя кнігі-фотаальбома “Далёкае блізкае”. На выставе экспануюцца фотаздымкі, зробленыя ў Мексіцы, Белізе, Беларусі, Гватэмале, Бразіліі, Кітаі, Тунісе, Шры Ланцы, В’етнаме, Лаосе, Камбоджы і Літве. У фотаальбоме, дзе прадстаўлена больш за 300 фотаздымкаў, увекавечаныя карціны прыроды, жывёл, птушак, партрэты людзей у іх родным асяроддзі. Гэта кніга-фотаальбом памерам некалькі соцен старонак аб тым, што можна знайсці, пабачыць і спазнаць ва ўнікальнай прыродзе.
Шматлікіх прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, дзяржаўных ведамстваў, няўрадавых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі, што сабраліся, павіталі амбасадар Эдмінас Багдонас і першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі. Падчас адкрыцця госці маглі палюбавацца фота- і відэаматэрыялам з экзатычных мясцін свету і пачуць унікальныя расповеды саміх аўтараў выставы пра гісторыі знаходкі фотаздымкаў. Удзельнікі адкрыцця таксама маглі паслухаць песні ў выкананні удзельніцы “Славянскага базару” Эвеліны Анусаўскайтэ.

