У Мінску адкрылася выстава творчасці Альгіса Грышкявічуса
20 лютага 2020 г. у Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" была прадстаўленая выстава творчасці аднаго з найбольш знакамітых літоўскіх мастакоў Альгіса Грышкявічуса "Паралельныя ўяўленні".
У назве выставы закадаваныя адны з асноўных прынцыпаў творчасці аўтара – гэта карціны, фотаздымкі і аб’екты, з дапамогай якіх А. Грышкявічус майстэрскі маніпулюе рэальнасцю: ён творыць у нашых сапраўдных, існуючых пейзажах, але дзякуючы гульні колеру і святла стварае ўнікальную атмасферу – зусім не ўласцівую для адлюстраванай сапраўднасці.
Падчас адкрыцця выставы амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас адзначыў, што ў творчасці А. Грышкявічуса, якая выстаўляецца па ўсім свеце, дамінуюць фантастычныя сюжэты літоўскай вёскі і аб’екты, створаныя ў аўтарскай тэхніцы пляцення з саломкі, якія пакідаюць яскравы літоўскі след у свеце мастацтва.
Па словах самога аўтара, супастаўляючы два паралельна існуючыя сусветы – рэальны і пазнавальны індустрыяльны пейзаж і натхнёныя снамі і фантазіямі ілюзіі, пазбягаючы прамых сэнсаў, ён запрашае гледача звярнуцца да сваёй фантазіі і далучыцца да творчага працэсу, па-свойму інтэрпрэтуючы творы.