У Мінску - авацыі літоўскай тэатральнай інтэрпрэтацыі “Дзядоў”Адама Міцкевіча
22-04-2013 17 і 18 красавіка ў Мінску адбылася прэм’ера спектакля па паэме А. Міцкевіча “Дзяды”, пастаўленага літоўскай творчай групай. Гледачы, большую частку якіх склала мінская тэатральная эліта (у горадзе 9 тэатраў, калі не лічыць груп), сабраліся на прэм’еру спектакля ва ўражлівых памераў залі Палаца культуры прафсаюзаў. У будучы тэатральны сезон, восенню, так званы “Тэатр Ч” (тэатр Андрэя Чорнага) прадставіць спектакль у буйных гарадах Беларусі.
Гэта першы спектакль тэатральнай групы, якая толькі ўтварылася, і пакуль відавочна, что тэатр быў створаны, каб паставіць гэты канкрэтны спектакль. У рэкламе асабліва падкрэсліваецца, што гэта – надзвычай сучасная сцэнічная інтэрпрэтацыя “Дзядоў”, для ўвасаблення якой спецыяльна была сфарміраваная група літоўскіх прафесіяналаў, што адабрала для гульні актораў асноўных тэатраў Мінска. Перш за ўсё і паўсюль згадваецца прозвішча рэжысёра Рамунэ Кудзманайтэ, неверагодны поспех гэтай прэм’еры звязваюць найперш з рэжысурай спектакля.
Гэты спектакль нашумеў у Мінску і стаў, без перабольшвання, сенсацыяй у тэатральнай культуры ў першую чаргу таму, што “Дзяды” А. Міцкевіча атрымалася вярнуць у поле культурных сэнсаў. Ужо стала звычайным, што позняй восенню, у час так званых Дзядоў праходзіць грамадзянская дэманстрацыя, і з бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантам наперадзе, на якім напісана “Дзяды”, адбываецца шэсце людзей, якія ўшаноўваюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Чырвоны і белы – колеры беларускага нацыянальнага адраджэння, пратэста супраць рэжыму і барацьбы за волю – пастаянна ўспыхвалі і ў асветленых пражэктарамі дэталях сцэны, нават калі гэта былі працягнутыя праз усю сцэну белыя і чырвоныя ніці. Аднак гэта былі толькі дэталі ў складаным адзіным цэлым спектакля. Публіку захапіла сцэнаграфія Марыюса Яцоўскіса, музыка Фаустаса Латэнаса, касцюмы Надзеі Гульцяевай.
Шмат працы было ўкладзена ў актуалізацыю эпохі А. Міцкевіча і самога паэта, які лічыцца перш за ўсё беларускім паэтам, бо нарадзіўся ў Завоссі, скончыў школу ў Навагрудку. Выдадзеная праграмка спектакля – гэта кніжачка, у якой мноства культурных спасылак, змешчаная нават гісторыя стварэння самой паэмы “Дзяды” А. Міцкевіча. Актрысы Святлана Анікей (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы) і Юлія Кадушкевіч (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага) прызналіся, што спачатку пужала сама назва – тое, што гэта будзе “вялікая рэінтэрпрэтацыя”. Ад мінскай тэатральнай традыцыі далёкія “паэтычны” тэатр і прэтэнцыёзныя эксперыменты з класікай. Аднак яшчэ больш іх здзівіла ўменне рэжысёра размаўляць аб складаных рэчах вельмі проста, прадстаўленая магчымасць памыляцца, выказваць сваё меркаванне. Гэта была і авантура, і хвіліны, дзеля якіх у маладосці і выбіраюць прафесію актора – так падвялі вынік агульнай працы з рэжысёрам Р. Кудзманайтэ гэтыя ўжо праслаўленыя актрысы.
Першай рэакцыяй гледачоў, нават культурнай эліты, было здзіўленне, што, па словах вядомага культуролага і прафесара славістыкі Вадзіма Салеева, гэта інтэрпрэтацыя пераступіла ўсе межы аб тым, як магла быць пастаўленая паэма А. Міцкевіча ў сучасным тэатры. Ён вельмі пранікліва заўважыў, што, калі спектакль палічаць фрагментарным, патрэбна азнаёміцца з гісторыяй напісанння “Дзядоў” – сама паэма з’яўляецца складаным літаратурным творам, напісаным і апублікаваным ў розныя перыяды часу.
Спектакль прыкаваў да сябе ўвагу тым, што ў ім сапраўды творча было выкарыстана тое, што звязваюць з літоўскай тэатральнай школай: дзеянне на сцэне актораў як группы (адно з дамінуючых рэжысёрскіх рашэнняў гэтага спектакля); хуткая змена ўсіх сцэнічных працэсаў з мэтай пранікнуць углыб твору, што інтэрпрэтуецца, выяўлення “чалавечых дадзенасцяў” пры стварэнні характэрных роляў (паспяхова выкарыстаная структура паэмы – яна складаецца з асобных эпізодаў); звязанасць усіх узроўняў спектакля і функцыянальнасць кожнай дэталі і г.д.
Бурныя авацыі ўсёй залі пасля спектакля, інфармацыя на польскай, беларускай і літоўскай мовах, якая адразу ж распаўсюдзілася ў інтэрнэце, тое, што прафесійна зробленыя фотаздымкі са спектакля апублікаваў адзін з “афіцыёзаў” Беларусі – “Камсамольская праўда”, якая там яшчэ захавалася, – паказваюць, што ў беларускім тэатры, які не можа пазбегнуць палітычных жарсцяў ,былі выкарыстаныя больш універсальныя магчымасці, якія прадастаўляе драматычнае мастацтва. Гэта – перамога рэжысёра Р. Кудзманайтэ, іншых адзначаных вышэй стваральнікаў спектакля і літоўскай тэатральнай традыцыі і іх прызнанне ў той геаграфічнай прасторы, якая не з’яўляецца ні лёгкай для ўезду, ні ўсеагульна добразычлівай да таго, што “прывезена” з Літвы.
Фотаздымкі з архіву аўтара тэкста
Рыма Пачутэ, культуролаг
неафіцыйны пераклад артыкула http://www.bernardinai.lt/straipsnis/2013-04-22-minske-ovacijos-lietuviskajai-teatrinei-a-mickeviciaus-veliniu-interpretacijai/99633