У МІНСКУ ПРАДСТАЎЛЕНА ГІСТОРЫЯ ЛІТВАКОЎ
16 траўня, у працяг праграмы “Дзён Літвы” у Беларусі, у Новым тэатры Каўнаскі камерны тэатр прадставіў спектакль “Дзень і ноч”. Спектакль пастаўлены па п’есе драматурга Дайвы Чэпаўскайтэ, у якой расказваецца пранізлівая гісторыя кахання літоўца і яўрэйкі, раскрываюцца складаныя адносіны двух народаў і боль іх агульнай гісторыі. Стваральнікі спектакля гавораць пра трагічнае ХХ стагоддзе адкрыта і смела, публіка ацаніла гэта апладысментамі і цёплымі словамі ў падагульнені спектакля пасля яго заканчэння.
Прысутным на спектаклі прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу, мастацтва, інтэлігенцыі, СМІ, сябрам мінскіх суполак літоўцаў і яўрэяў таксама была прадстаўлена ўнікальная калекцыя шаснаццаці аўтэнтычных афіш віленскага гета з Дзяржаўнага яўрэйскага музею Віленскага Гаона, якая своеасабліва працягнула тэму спектакля. Выстава паказвае духоўную моц апошняга пакалення літвакоў у свеце трагічнай катастрофы.
Падагульняючы ўражанні ад спектакля і выставы, амбасадар Эвалдас Ігнатавічус згадаў, што гэты вечар з’яўляецца часткай “Дзён Літвы” у Беларусі – яго мэтай было прадставіць ўнікальную яўрэйскую культуру Літвы і ўсяго ВКЛ і паказаць яе знішчэнне ў нашых краінах пасля страты імі незалежнасці, краінах, якія амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр назваў “крывавымі землямі”. Па словах амбасадара, гэта мерапрыемства таксама нагадвае пра 100-годдзе з дня нараджэння знакамітага яўрэйскага паэта Абрама Суцкевера, што адзначаецца ў гэтым годзе. Гэты паэт нарадзіўся ў Смаргоні, на сучаснай тэрыторыі Беларусі, працаваў у Вільнюсе на радыё, перажыў гета, страціўшы там жонку і сына, пасля змагаўся ў партызанскім атрадзе каля возера Нарачы. Пасля вайны быў сведкам на Нюрнбергскім трыбунале, перанёс савецкія рэпрэсіі і эміграваў у Ізраіль.
На наступным тыдні ў ходзе “Дзён Літвы” будзе прадстаўлены агульны літоўска-беларускі спектакль “Дзяды”, пастаўлены па матывах паэмы А. Міцкевіча, у Нацыянальным мастацкім музеі адкрыецца выстава твораў Стасіса Красаўскаса, у галерэі “Ў” будзе прадстаўлена сучаснае мастацтва, у Магілёве будзе адкрытая выстава фотаздымкаў “Фальваркі Літвы”.