*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

У Мінску прадстаўленая творчасць Альгімантаса Александравічуса

3 кастрычніка 2019 г. у мінскай мастацкай галерэі “Інстытут культуры” амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі прадставіла выставу фотаздымкаў аднаго з найбольш вядомых літоўскіх фотамастакоў Альгімантаса Александравічуса “Тварапіс племені”.

Публіку, якая сабралася на адкрыццё выставы, чакалі больш за 40 рупліва адабраных фотаздымкаў з прысвечанай 100-годдзю аднаўлення Літоўскай дзяржавы серыі А. Александравічуса „Стагоддзю – сто”, у якой – майстэрскі выкананыя партрэты самых знакамітых літоўскіх творцаў тэатра, музыкі, выяўленчага мастацтва, літаратуры, кіно, танцу, лідэраў моды і спорту, вядомых святароў.

Створаныя фотамастаком А. Александравічусам партрэты пісьменніка Р. Гавяліса, саксафаніста Уладзіміра Чакасіна, актора Г. Гірдвайніса, рэжысёра Э. Някрошуса, мастака Адомаса Яцоўскіса ці бацькі Станіславаса сталі не толькі візітнымі карткамі самога фотамастака, але і аднавілі ў Літве саму канцэпцыю партрэта і стварылі незабыўны “тварапіс племені” Літвы.

Паводле аўтара, які завітаў на адкрыццё выставы, здымкі партрэта – гэта дуэт, агульны твор фатографа і асобы, якую фатаграфуюць, і магчымыя толькі ў тым выпадку, калі адчуваеш стан чалавека, якога фатаграфуеш, яго эмоцыю, калі ты здольны зазірнуць глыбей, чым бачаць вочы.

Альгімантас Александравічус (нар. у 1960 г.) – лаўрэат Нацыянальнай прэміі культуры і мастацтва Літвы, кавалер ордэна “За заслугі перад Літвой”, нідэрландскага рыцарскага ордэна Аранскіх-Насау, у 2003 г. прызнаны лепшым партрэтыстам Еўропы (галоўны прыз конкурса „Fujifilm Euro Press 2003“), у 2011 г. – лепшы партрэтыст краін Балтыі.