У Мінску прадстаўленая творчасць Данатаса Банёніса
31 кастрычніка 2019 г. у Музеі гісторыі беларускага кіно ў Мінску амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь пры супрацоўніцтве з Літоўскім архівам літаратуры і мастацтва прадставіла выставу пра знакамітага літоўскага актора і рэжысёра тэатра, кіно і тэлебачання Данатаса Банёніса “Салярыс. Данатас Банёніс”.
На выставе, якая з’яўляецца часткай праграмы міжнароднага кінафестываля “Лістапад”, што ў гэтым годзе праходзіць у Мінску ўжо ў 26-ты раз, экспанаваўся рупліва падабраны Літоўскім архівам літаратуры і мастацтва матэрыял, звязаны з працай Д. Банёніса падчас здымак у фільме знакамітага расейскага рэжысёра А. Таркоўскага “Салярыс” 1971 года. У ім літоўскі актор сыграў галоўную ролю Крыса Кельвіна.
Падчас адкрыцця вітальнае слова прамовілі амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Павел Сапоцька, дырэктар Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва Юозапас Блазюнас і сын Д. Банёніса, літоўскі рэжысёр кіно, тэатра і тэлебачання Раймундас Банёніс, які праехаў адмыслова на адкрыццё выставы.
Публіцы, якая сабралася на адкрыцці, былі ўпершыню прадстаўленыя дакументы: два варыянты сцэнарыя, працоўны дагавор, лісты і тэлеграмы, перапіска з рэжысёрам А. Таркоўскім, першыя навіны ў прэсе пра пачатак здымак, фота са здымачнай пляцоўкі, кадры з фільма, інфармацыйныя матэрыялы Канскага кінафестываля 1972 г., успаміны і інш., якія раскрываюць, як актор Данатас Банёніс бачыў, адчуваў і разумеў фільм “Салярыс”.