У Мінску прадстаўлены досвед супрацоўніцтва ўлады і бізнесу Літвы
9 лістапада гэтага года амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас і камерцыйны аташэ Юліюс Глебавас прымалі ўдзел у арганізаваным Канфедэрацыяй бізнесу Літвы сумесна з Асацыяцыяй Еўрапейскага Бізнесу ў Беларусі семінары „Павышэнне якасці дыялогу паміж арганізацыямі падтрымкі бізнесу і органамі ўлады – інклюзіўнае прыняцце рашэнняў“.
У сваім вітальным слове амбасадар Андрус Пулокас падкрэсліў важнасць актыўнага дыялогу паміж бізнесам, бізнес-асацыяванымі структурамі і органамі ўлады. Адзначалася, што на ўзроўні ўрадавых і абласных органаў выканаўчай улады супрацоўніцтва вядзецца досыць паспяхова, аднак на ўзроўні гарадоў і раёнаў яшчэ дакладна ёсць прастора для ўдасканальвання дыялогу. Амбасадар таксама выказаў задаволенасць эканамічным супрацоўніцтвам Літвы і Беларусі, паслядоўным павелічэннем абароту тавараў і паслуг у двухбаковым гандлі, ростам экспарту літоўскіх паслуг.
На семінары, у якім удзельнічала каля сарака прадстаўнікоў беларускіх органаў выканаўчай улады, бізнесу і бізнес-асацыяваных структур, паведамленні зачытвалі Альгімантас Аксцінас, генеральны дырэктар Канфедэрацыі бізнесу Літвы, Рэната Рачко, генеральны дырэктар Вільнюскага камерцыйнага арбітражу, Паўлюс Каверавас, старшыня Камісіі па энергетыцы і ахове навакольнага асяроддзя Канфедэрацыі бізнесу Літвы, Рычардас Бядульскіс, прадстаўнік асацыяцыі „InfoBalt“, а таксама іншыя прамоўцы.
Гэты семінар – частка падтрыманага амбасадай Літоўскай Рэспублікі ў Мінску праекта, які заахвочвае дыялог паміж арганізацыямі падтрымкі бізнесу і органамі мясцовай улады.