*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

У Мінску прадстаўлены фільм Аўдруса Юзенаса “Экскурсантка” і прайшла сустрэча з рэжысёрам

17 траўня на Фестывалі еўрапейскага кіно ў Мінску быў прадстаўлены фільм літоўскага рэжысёра Аўдруса Юзенаса “Экскурсантка”. Гэта пранізлівая сапраўдная гісторыя 11-гадовай дзяўчынкі, сасланай у Сібір.

Заснаваная на рэальных падзеях драма расказвае пра дзяўчынку, якая збегла з цягніку, і  змагла адолець 5000 кіламетраў і вярнуцца ў Літву з далёкага Алтайскага краю, куды ў пасляваенныя часы ў вагонах для жывёлы з Літвы вывозілі сасланых. У фільме выдатныя ролі стварылі маладая літоўская актрыса Анастасія Марчэнкайтэ, вядомыя расійскія акторы – Раіса Разанава, Ксенія Рапапорт, Сяргей Гармаш ды інш. Гэты фільм, які атрымаў у Літве тры ўзнагароды “Срэбны жураў”, а ў Расіі ўзнагароджаны прэстыжным прызам “Ніка”, не пакінуў абыякавымі і мінскіх гледачоў.

Прэзентуючы фільм, Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус падкрэсліў, што сімвалічна тое, што на Фестывалі еўрапейскага кіно, які прысвечаны 10-годдзю пашырэння Еўрапейскага Саюза, прадстаўлены фільм, які распавядае пра адзін з найбольш драматычных эпізодаў гісторыі літоўскага народу ў ХХ стагоддзі.

 Сустрэча  з рэжысёрам фільму, якая прайшла пасля паказу, перайшла ў цікавую і эмацыйную дыскусію не толькі пра сам фільм, яго стварэнне, але і пра адлюстраваны ў ім перыяд гісторыі, лёс літоўскага народу, сплецены з лёсамі іншых народаў, пра ўсе агульначалавечыя каштоўнасці, што нас аб’ядноўваюць.